RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці рэгіструецца зніжэнне сезоннага захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі

У Магілёўскай вобласці рэгіструецца зніжэнне сезоннага захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, паведаміла загадчык аддзела эпідэміялогіі УАЗ «МАЦГЭіАЗ» Наталля Марозава.

Суразмоўніца адзначыла, што ўстановы дзяржсаннагляду рэгіёна пастаянна праводзяць ацэнку выканання суб’ектамі гаспадарання патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, накіраваных на папярэджанне распаўсюджвання ВРІ і грыпу сярод насельніцтва. На асаблівым кантролі знаходзяцца ўстановы адукацыі, аб’екты гандлю і грамадскага харчавання, прамысловыя прадпрыемствы. З 1 па 21 лютага 2019 года нагляднымі мерапрыемствамі было ахоплена 1233 аб’екты. На 162 (13%) выяўлены парушэнні. Асноўнымі з іх з’яўляліся: невыкананне ў памяшканнях тэмпературнага рэжыму і рэжыму праветрывання, правядзенне не ў поўным аб’ёме вільготнай уборкі і дэзынфекцыі памяшканняў, адсутнасць у агульнадаступных месцах нагляднай інфармацыі па прафілактыцы ВРІ і грыпу. У выніку на адрас кіраўнікоў суб’ектаў накіраваны прадпісанні, рэкамендацыі і лісты, інфармаваны органы ўлады.

«Кожны з нас здольны знізіць рызыку захворвання і распаўсюджвання ВРІ, выконваючы простыя санітарна-гігіенічныя і прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне ўласнага імунітэту, – падкрэсліла Наталля Марозава. – Яго стан складаецца з цэлага шэрагу фактараў, аднак аснова – паўнавартасны сон, рацыянальнае харчаванне, актыўны адпачынак на свежым паветры, спрыяльны эмацыйны фон».

Так, паводле слоў суразмоўніцы, важна ў сезон росту захворвання на ВРІ выконваць меры засцярогі пры кантакце з хворым і яго доглядзе: варта вылучыць яму асобны пакой, бялізну, посуд, вызначыць аднаго члена сям’і, які даглядаў бы хворага, выкарыстоўваць маскі, мыць і апрацоўваць антысептыкам рукі пасля догляду. У памяшканні, дзе знаходзіцца хворы, неабходна праводзіць рэгулярнае праветрыванне (да 4 раз у дзень па 15-20 хвілін), вільготную ўборку і падтрымліваць тэмпературу паветра не ніжэй за 20°С. Сам хворы павінен закрываць нос і рот падчас кашлю і чхання, выкарыстоўваючы аднаразовыя насавыя хусткі, выконваць пасцельны рэжым.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая