RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці стартаваў дабрачынны марафон «Сагрэем дзіцячыя сэрцы»

У Магілёўскай вобласці стартаваў дабрачынны марафон «Сагрэем дзіцячыя сэрцы», паведаміла дырэктар Магілёўскага абласнога аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Ірына Фісюк.

Маштабная акцыя праводзіцца ў рэгіёне сёмы раз напярэдадні навагодніх і калядных святаў. «Дзіцячыя дамы і інтэрнатныя ўстановы знаходзяцца на дзяржаўным фінансаванні, для многіх арганізацый і прыватных асоб ужо стала добрай традыцыяй аказваць ім пасільную дапамогу, – адзначыла Ірына Фісюк. – Аднак у нашым грамадстве ёсць вялікая катэгорыя дзяцей, якія знаходзяцца ў вельмі складанай сітуацыі, якія практычна не атрымліваюць дапамогі ў выглядзе прыватных ахвяраванняў. Пры гэтым іх матэрыяльнае становішча часта нашмат горшае, чым у дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні».

Марафон, які працягнецца да 31 студзеня 2019 года, будзе ўключаць цэлы комплекс мерапрыемстваў. Сабраныя падчас іх правядзення сродкі будуць накіраваны на аказанне дапамогі дзецям-сіротам, якія знаходзяцца пад апекай, дзецям-інвалідам, хворым дзецям, дзецям з малазабяспечаных, шматдзетных і няпоўных сем’яў, дзіцячым дамам сямейнага тыпу, установам адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, дзейнасць якіх накіравана на дапамогу дзецям і сем’ям, на набыццё духоўна-маральнай, сацыяльна значнай літаратуры для дзіцячых бібліятэк, пастаноўку і правядзенне праграм, святаў і мерапрыемстваў.

«Узяць удзел у марафоне можа кожны, арганізаваўшы ўласную акцыю для дзяцей альбо пералічыўшы сродкі на дабрачынны рахунак Магілёўскага абласнога аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд», – падкрэсліла Ірына Фісюк. – Падвядзенне вынікаў акцыі «Сагрэем дзіцячыя сэрцы» адбудзецца падчас дабрачыннага балю, сродкі ад якога таксама будуць пералічаны на рахунак марафону».

Арганізатарам марафону «Сагрэем дзіцячыя сэрцы» выступае Магілёўскае абласное аддзяленне РГА «Беларускі дзіцячы фонд» пры падтрымцы Магілёўскага аблвыканкама.

Можна сабраць фінансавую дапамогу ў калектыве і пералічыць сродкі на разліковы рахунак BY45BLBB30150700038162001001 у Дырэкцыі ААТ «Белінвестбанк» па Магілёўскай вобласці BIC BLBBBY2X, або праз сістэму АРІП на дабрачынны рахунак для BY25BLBB31350700038162001002.

Ад фізічных асоб ахвяраваць сродкі можна, патэлефанаваўшы з гарадскога тэлефона па нумары 89022151111 (велічыня ахвяравання за злучэнне складае 3 рубля) або абанентам МТС, набраўшы з мабільнага тэлефона *222*5# (велічыня ахвяравання складзе 2,04 рубля).

Ад юрыдычнай асобы, прадпрыемству або арганізацыі неабходна заключыць з МГА РГА «Беларускі дзіцячы фонд» дагавор аб аказанні спонсарскай дапамогі (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 300 ад 1 ліпеня 2005 года).

 

НАВІНАВЫЯ МАТЭРЫЯЛЫ:

Навагодняе свята для асаблівых дзяцей Магілёўскай вобласці ў лялечным тэатры. ФОТАГАЛЕРЭЯ

Каля 500 дзяцей атрымалі падарункі на дабрачынным свяце ў Магілёве

Больш за Вг50 тыс сабралі падчас тэлемарафона «Нашы дзеці» на канале «Беларусь 4. Магілёў»

Дабрачынны тэлемарафон «Нашы дзеці» на тэлеканале «Беларусь 4. «Магілёў». ФОТАГАЛЕРЭЯ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая