RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці стартаваў праект па паляпшэнні магчымасцей занятасці на сяле

У Слаўгарадзе прайшла канферэнцыя, прысвечаная пачатку рэалізацыі мерапрыемстваў праекта па сеткавым узаемадзеянні для паляпшэння магчымасцяў занятасці ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Пра гэта паведамілі ў Слаўгарадскім райвыканкаме.

Праект будзе рэалізаваны Слаўгарадскім райвыканкамам сумесна з Быхаўскім, Клічаўскім, Краснапольскім, Чэрыкаўскім раённымі выканаўчымі камітэтамі і Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый.

«Ключавой мэтай з’яўляецца аб’яднанне намаганняў пяці раёнаў Магілёўскай вобласці для пашырэння магчымасцяў росту занятасці і самазанятасці насельніцтва па розных напрамках гаспадарчай дзейнасці: ад рамесніцтва да вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі, – адзначыў дырэктар Міжнароднага Фонду Развіцця сельскіх тэрыторый Сяргей Тарасюк. – Узаемавыгаднае супрацоўніцтва раёнаў дазволіць узмацніць абмен ведамі і рэсурсамі паміж раёнамі, забяспечыць трансфер новых ведаў і тэхналогій звонку, што ў сукупнасці палепшыць інвестыцыйны клімат рэгіёна і будзе спрыяць росту інвестыцый для развіцця раёнаў».

Па выніках праекта палепшыцца доступ насельніцтва, прадпрымальнікаў, арганізацый і прадпрыемстваў раёнаў да неабходнай для іх інфармацыі, кансультацый і рэсурсаў, што будзе спрыяць росту частковай і поўнай занятасці і самазанятасці не менш чым для 1,5 тыс. чалавек. Мэтавымі групамі праекта з’яўляюцца грамадзяне і прадпрымальнікі, прыватныя і дзяржаўныя арганізацыі, а таксама мясцовыя органы ўлады. «Праект акажа падтрымку сацыяльна ўразлівым групам насельніцтва, будзе садзейнічаць павышэнню ролі жанчын у грамадстве, сацыялізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі шляхам развіцця сацыяльнага прадпрымальніцтва», – звярнуў увагу Сяргей Тарасюк.

Адбудуцца рабочыя сустрэчы, семінары, кірмашы мясцовых і рэгіянальных ініцыятыў, канферэнцыі, трэнінгі, абмены вопытам і азнаямленчыя візіты па Беларусі і ў краіны Еўрапейскага саюза, будзе аказана экспертная падтрымка.

Найлепшыя мясцовыя і рэгіянальныя ініцыятывы, якія спрыяюць росту занятасці і самазанятасці, атрымаюць фінансавую падтрымку, для гэтага бюджэтам праекта прадугледжана 204 тыс. еўра. Агульны бюджэт праекта складае 672015 еўра, з іх уклад Еўрапейскага Саюза 604611,90 еўра.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў Беларусі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, Магілёўскага аблвыканкама, Еўрапейскага Саюза, міжнародных праграм, адказныя ад раённых выканаўчых камітэтаў за рэалізацыю праекта, і іх мясцовыя памочнікі. Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі вопыт, магчымасці, рызыкі і прыярытэты міжраённага ўзаемадзеяння для росту занятасці, ролю рэгіянальных саветаў па падтрымцы мясцовых ініцыятыў у сферы ўстойлівага развіцця, этапы рэалізацыі праекта, пазнаёміліся з прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі для росту занятасці насельніцтва сельскіх раёнаў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая