Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці ў 2019 годзе нарыхтавана амаль 28 тыс. т ільнотрасты

У Магілёўскай вобласці ў 2019 годзе нарыхтавана амаль 28 тыс. т ільнотрасты пры сярэдняй ураджайнасці 33 ц/га сярэднім нумарам 0,9 і 2390 т ільнонасення. Па гэтых паказчыках рэгіён працягвае стабільна займаць лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы, паведаміў старшыня аблвыканкама Леанід Заяц падчас узнагароджання перадавікоў ільнаводчай галіны рэгіёна.

«Поўнага задавальнення яшчэ не адчуваю, хачу сказаць сумленна. Аднак сім-тым можна пахваліцца, ёсць каго паставіць у прыклад, – падкрэсліў кіраўнік Магілёўскай вобласці. – Мы сабраліся тут, каб сказаць «дзякуй» усім: ільноводам, кіраўнікам раёнаў, прадпрыемстваў вобласці, ільносеячым гаспадаркам, профільным спецыялістам – за ўклад у развіццё льнаводчай сферы ў бягучым годзе. Хацелася б на гэтым узроўні і замацавацца».

Леанід Заяц звярнуў увагу, што ў кароткія тэрміны з улікам якасці вылежвання льнотрасты сабраны ўвесь вырашчаны ўраджай. Вялікі зачын для гэтага зрабілі летась, у бягучым годзе – узмацнілі: набылі неабходную колькасць мінеральных угнаенняў, паліва, адрамантавалі тэхніку, папоўнілі парк, падключылі прампрадпрыемствы, лесааб’яднанні ў справу ўзмацнення механізатарскімі кадрамі, тэхнічнымі сродкамі. «Усё гэта было для таго, каб багацце, якое мы выгадавалі, можна было своечасова прыбраць, пакласці на захоўванне, запусціць у далейшым на перапрацоўку. Нам гэта ўдалося. Прыбралі ўвесь лён без страт, каб цалкам забяспечыць загрузку ўсіх магутнасцей, рытмічную працу нашых чатырох заводаў», – канстатаваў старшыня аблвыканкама. 

Паказчыкі па выкананні дзяржаўнага заказу ў Магілёўскай вобласці адносна ўсіх прадпрыемстваў Беларусі некалькі вышэйшыя, адзначыў Леанід Заяц. Цалкам закрыты аб’ём пастаўкі кароткага валакна. На 17 кастрычніка заставалася каля 590 т паставіць на Аршанскі льнозавод. У нас на гэта ёсць час, сыравіна, людзі, магчымасці. «Аб’ёмы мы здужаем і забяспечым на 100 % выкананне дзяржзаказу», – з упэўненасцю сказаў кіраўнік рэгіёна.

 

Гаворачы аб працы льнозаводаў Магілёўшчыны, старшыня аблвыканкама паведаміў, што сярод 21 прадпрыемства галіны Горацкі льнозавод займае першае месца, Мсціслаўскі – трэцяе, Хоцімскі – пятае, Шклоўскі – восьмае. «Да гонару ўсіх прысутных усе нашы льнозаводы спрацавалі прыбыткова, паправілі фінансава-эканамічныя паказчыкі: адзначаецца рост выручкі на 30 %, прыбытак ад рэалізацыі вырас амаль у 2 разы, экспартныя пастаўкі – у 1,4 разы. На гэтай аснове вырасла сярэднямесячная заработная плата. На асобных заводах яна первысіла Br 1 тыс.

 

«Усё гэта заслугоўвае павагі і падзякі, – падкрэсліў Леанід Заяц. Але на гэтым супакойвацца і спыняцца нельга. Ёсць велізарныя рэзервы». У якасці прыкладу кіраўнік рэгіёна прывёў Горацкі льнозавод, дзе ўраджайнасць у гэтым годзе – 40 ц/га. «Трэба зрабіць высновы, і на будучы год каб гэта стала не выключэннем, а заканамернасцю ў працы. Наша зямля здольная вырасціць гэты ўраджай. Трэба толькі ўкласці ўменні і стараннасць», – канстатаваў старшыня аблвыканкама.

Паводле яго слоў, горацкае прадпрыемства, яго кіраўнік і спецыялісты заслугоўваюць таго, каб сёння гаварылі ім «дзякуй». На завод можна хоць сёння весці любую дэлегацыю і не чырванець, не саромецца. Тэрыторыя прыбрана, добра абсталяваны бытавыя памяшканні, талкова арганізавана праца, адзначаецца высокая якасць прадукцыі. «Нядрэнны тэмп узяў Шклоўскі льнозавод. Хацелася б, каб ён замацаваўся на гэтых эканамічных паказчыках і дасягнуў эканамічнай дасканаласці», – адзначыў Леанід Заяц.

Старшыня аблвыканкама таксама паведаміў, што даручыў прапрацаваць дадатковую намінацыю па льнаводчай сферы ў выніковым спаборніцтве аграрнай галіны, вынікі якой падводзяцца на «Дажынках». Прадпрыемства-пераможца атрымае пераходны сцяг працоўнага саперніцтва.

Узнагароджанне перадавікоў ільнаводчай галіны рэгіёна адбылося сёння ў Палацы культуры вобласці. Каля 40 кіраўнікоў і спецыялістаў ільнаводчых прадпрыемстваў Магілёўшчыны атрымала ганаровыя граматы і падзякі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, аблвыканкама, камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, Рэспубліканскага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і інш. Каштоўныя падарункі ад Шклоўскага льнозавода атрымалі таксама студэнты БДСГА і найлепшыя работнікі арганізацыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая