RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці за мінулыя суткі адбылося два пажары

У Магілёўскай вобласці за мінулыя суткі адбылося два пажары. Пра гэта паведамілі ў цэнтры бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю абласнога ўпраўлення МНС.

Неспакойнай выдалася ноч для жыхароў горада Чавусы. 13 лютага каля 23.00 гаспадыня дома па вуліцы Дарожнай прачнулася ад паху дыму і ўбачыла, што каля кацельні гарыць падлога. Жанчына паспрабавала ўласнымі сіламі патушыць агонь, але з полымем не справілася. Пазней яна разбудзіла свайго 36-гадовага сына, каб разам ліквідаваць узгаранне. Аднак і іх дзеянні былі беспаспяховымі. Гаспадыня не пацярпела, эвакуявалася з жылля, выклікала ратавальнікаў. Яе сыну шлях да выхаду абрэзаў агонь, і самастойна выбрацца на вуліцу ён ужо не мог.

Падчас прыбыцця ратавальнікаў адбывалася гарэнне ўнутры дома, стварылася шчыльнае задымленне. Работнікі МНС знайшлі і выратавалі мужчыну. Дзякуючы аператыўнасці агняборцаў, пажар быў ліквідаваны на стадыі выяўлення, удалося пазбегнуць значнага матэрыяльнага ўрону. Прычыну здарэння яшчэ трэба высветліць спецыялістам.

13 лютага каля 17.00 ад жыхаркі вёскі Абідавічы Быхаўскага раёна паступіла паведамленне аб пажары прыватнага жылога дома па вуліцы Садовай.

На месцы выкліку адбывалася гарэнне ўнутры веранды дома, стварылася шчыльнае задымленне. Гаспадыня знаходзілася на вуліцы. У доме нікога не было.

У выніку пажару пашкоджаны дах веранды. Пацярпелых няма. Меркаваная прычына – парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыравальных агрэгатаў і прылад.

У МНС нагадалі аб правілах ацяплення дамоў у халодны перыяд. «Для таго каб цяпло было бяспечным, не перапальвайце ў печы, тапіце 2-3 разы на дзень і заканчвайце паленне за два гадзіны да сну, – сказалі суразмоўцы. – Прачысціце комін, прыбярыце далей ад печы і з яе рэчы і іншыя гаручыя матэрыялы. Не пакідайце пякучую печ без нагляду і не зачыняйце засланку, пакуль вуглі цалкам не прагараць».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая