RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскім абласным лячэбна-дыягнастычным цэнтры пасля мадэрнізацыі адкрылі рэгістратуру

У Магілёўскім абласным лячэбна-дыягнастычным цэнтры пасля мадэрнізацыі адкрылі рэгістратуру. Яе абнаўленне праводзілася ў межах праекта Міністэрства аховы здароўя «Клапатлівая паліклініка», закліканага істотна палепшыць якасць медабслугоўвання ў краіне, скараціць чаканні ў чэргах і павялічыць час узаемадзеяння медыка з пацыентам. Акрамя таго, рэгістратура стала своеасаблівым падарункам да 30-годдзя з дня адкрыцця, якое дыягнастычны цэнтр адзначаў у жніўні.

На павялічанай плошчы вестыбюля размясцілася сучасная рэгістратура на 12 працоўных месцаў, у тым ліку адкрытыя стойкі, прадугледжаныя для абслугоўвання наведвальнікаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Для палягчэння запісу па тэлефоне ўстаноўлены кантакт-цэнтр на 5 аператараў, дзе адначасова можа апрацоўвацца 40 ўваходных званкоў стацыянарнай і мабільнай сувязі. Гэта дазволіць медыцынскім рэгістратарам не адцягваць увагу на званкі і прысвяціць увесь час наведвальнікам цэнтра. Праграмнае забеспячэнне прадугледжвае запіс тэлефонных размоў і аналіз інфармацыі аб званках для наступнага прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў, якія паляпшаюць якасць аказання паслуг.

Пазбегнуць нематываваных чэргаў і скараціць час чакання зараз дапаможа сэрвіс «Электронная чарга». Увайшоўшы ў рэгістратуру, наведвальнік атрымлівае ў тэрмінале талон, затым ідзе да акенца рэгістратуры, над якім загараецца інфармацыйнае табло з яго нумарам. Дзякуючы ўкараненню падобнай сістэмы спрошчана праца рэгістратуры: рэгулюецца паток пацыентаў з падзелам на замежных грамадзян, застрахаваных асоб, бюджэтны і платны прыёмы.

Тэхнічны прагрэс – гэта добра, але кожны чалавек, трапляючы ў незнаёмую абстаноўку або ўпершыню сутыкнуўшыся з незнаёмым і нязвыклым, можа разгубіцца. У гэтым выпадку на дапамогу прыйдзе адміністратар, які знаходзіцца тут жа і дапаможа правільна разабрацца ў сітуацыі, выбраць талон ў электроннай чарзе.

«Выкарыстанне вышэйпералічаных сучасных тэхналогій дазволіць установе захаваць лідзіруючыя пазіцыі і застацца флагманам сістэмы электроннай аховы здароўя Магілёўскай вобласці, бо цэнтр практычна з моманту адкрыцця ў 1991 годзе перайшоў на электронную амбулаторную карту пацыента», – расказаў галоўны ўрач лячэбна-дыягнастычнага цэнтра Андрэй Ніпатрук.

Мадэрнізацыя рэгістратуры – толькі першая чарга рэканструкцыі дыягнастычнага цэнтра. Для зручнасці наведвальнікаў тут таксама перанеслі з падвала на першы паверх гардэроб, замянілі два ліфты. У планах да 2021 года – абнаўленне фасада, добраўпарадкаванне тэрыторыі і ўстаноўка панарамнага ліфта.

Магілёўскі абласны лячэбна-дыягнастычны цэнтр з’яўляецца шматпрофільнай медыцынскай установай, разлічанай на 1,6 тыс. наведванняў у дзень. Толькі за 2018 год тут атрымала кансультацыі каля 200 тыс. чалавек, было выканана каля 212 тыс. інструментальных і амаль 877 тыс. лабараторных даследаванняў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая