RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве праваахоўнікі і спартсмены разам рыхтуюць падлеткаў да рэспубліканскага турніру па міні-футболе

У Магілёве праваахоўнікі і спартсмены разам рыхтуюць падлеткаў да рэспубліканскага турніру па міні-футболе. На працягу некалькіх тыдняў яны праводзяць вучэбна-метадычны збор для непаўналетніх хлопцаў, з якімі будуецца прафілактычная праца, расказала афіцыйны прадстаўнік Ленінскага РАУС г. Магілёва Алена Сіманава.

Зборная каманда падлеткаў сумесна з трэнерам футбольнага клуба «Дняпро» Яўгенам Капавым і начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх Ленінскага РАУС г.Магілёва маёрам міліцыі Дзмітрыем Гоманавым з зайздросным энтузіязмам штодня займаецца на базе футбольнага клуба, удасканальваючы навыкі гульні.

Турнір па міні-футболе будзе праходзіць у Мінску, і хлопцы з нецярпеннем чакаюць, калі ім удасца прадэманстраваць майстэрства ў спартыўным спаборніцтве. Па словах аднаго з хлопцаў, трапіць у каманду было сапраўднай удачай, тым больш што спартыўную падрыхтоўку вядуць сапраўдныя прафесіяналы.

«Займаючыся прафілактычнай працай з падлеткамі, галоўнае – памятаць, што дзіця павінна быць зацікаўленае і ісці на кантакт, – адзначыў Дзмітрый Гоманаў. – Не ў маіх правілах навязваць свой пункт гледжання, тым больш што падлетак павінен сам асэнсаваць, што здзяйсняў супрацьпраўныя ўчынкі. Мы дапамагаем непаўналетнім зразумець, што здаровы лад жыцця здольны стварыць асобу, якая можа супрацьстаяць любым жыццёвым нягодам, і зрабіць правільны выбар на карысць сям’і, кар’еры і самарэалізацыі».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая