RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Удзельніца жаночага форуму з Магілёва: хачу міру ў маёй Беларусі!

Беларускі заклікалі да захавання непахіснасці суверэнітэту краіны. Пра гэта гаворыцца ў прынятым жаночым форумам звароце.

Удзельніцы форума палічылі сваім абавязкам звярнуцца да кожнага грамадзяніна краіны і сусветнай супольнасці. Тры пакаленні беларусак –Валянціна Шчэрба, маці 6-разовага алімпійскага чэмпіёна Віталя Шчэрбы, Алеся Зіневіч, дырэктар гімназіі № 28 г. Мінска, і Дар’я Паўлоўская, студэнтка Баранавіцкага дзяржуніверсітэта, пераможца конкурсу «Студэнт года» – ад імя ўсіх жыхарак краіны выступілі за захаванне светлага вобразу беларускай жанчыны.

– Заклікаем з’яднаць свае памкненні і намерына ўмацаванне міру і спакою ў імя цяперашніх і будучых пакаленняў беларусаў, захаваць непахіснасць суверэнітэту краіны, наша адзінства і адданасць роднай зямлі, спыніць знешняе ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі, грубую маніпуляцыю свядомасцю дзяцей і моладзі, пераслед нашых мужоў, братоў, бацькоў, сыноў, якія добрасумленна выконваюць свой службовы абавязак. Беларусы зрабілі свой выбар, і мы патрабуем паважаць яго, – гаворыцца ў звароце.

Ад імя ўдзельніц форума жанчыны выказалі гонар за тое, што за чвэрць стагоддзя створана незалежная дзяржава для народа, найвялікшая каштоўнасць якога – чалавек.

– Гэта наша краіна. Гэта наша зямля. Гэта наш народ. Жанчыны – за Беларусь, – заяўлена ў звароце.

Перад пачаткам жаночага форума педагог дадатковай адукацыі абласнога цэнтра творчасці (Магілёў) Алена Складнева заявіла, што беларускія жанчыны заўсёды перамагалі.

– Форум выдатна арганізаваны. Вакол столькі добрых, усмешлівых асоб! Нашы беларускія жанчыны заўсёды перамагалі. А таму ў нас няма трывогі за будучыню краіны. Упэўнена, што ўсё наладзіцца і ў нашым доме будзе цёпла, утульна і добра.

Яшчэ адна ўдзельніца жаночага форума з Магілёва– Ірына:

– Я працую інжынерам на прадпрыемстве «Магілёўхімвалакно». Прыехала, каб падтрымаць нашу краіну, нашага Прэзідэнта. Сёння тут сабраліся жанчыны ўсёй краіны. Са шкадаваннем заўважаю, што ў апошні час культура ў многіх беларусак упала, але я думаю, што мы, большасць, усе разам здолеем пераканаць гэтых жанчын, што трэба інакш сябе паводзіць і паважаць сваю сям’ю, берагчы сваіх дзяцей, якіх яны замест гэтага бяруць у натоўп... А натоўп небяспечны для дзіцяці, яго могуць проста затаптаць! Я сама маці і вельмі перажываю. Вельмі балюча глядзець на тое, як людзі падзяліліся. І балюча, і страшна, але я веру, што мы можам гэта пераадолець. Ужо так хочацца, каб скончыліся ўсе гэтыя вулічныя акцыі, каб людзі перасталі бегаць незразумела навошта і чаму... Хачу міру ў маёй Беларусі!

 

СБ, БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая