Рус Бел Eng 中文

Выступленні беларускіх атлетаў на II Еўрапейскіх гульнях выклікаюць гонар за краіну – магіляўчанін

Вынікі, якія паказваюць беларускія атлеты на II Еўрапейскіх гульнях, выклікаюць гонар за краіну. Такое меркаванне выказаў пенсіянер з Магілёва Уладзімір Скальзкоў.

Паводле яго слоў, спартыўныя спаборніцтвы такога ўзроўню прыцягваюць увагу многіх магіляўчан, і ён не з’яўляецца выключэннем. «Я менш стаў ездзіць на лецішча, праводжу больш часу ля тэлевізара. Шчыра перажываю і хварэю за нашых, – адзначыў суразмоўца. – Мяне, напрыклад, вельмі парадаваў першы дзень спаборніцтваў па самба, які прынёс Беларусі адразу сем медалёў. Учора перажываў за нашу дзюдаістку Марыну Слуцкую. Яна літаральна ў апошнія секунды вырвала золата ў Ларысы Цэрыч з Босніі і Герцагавіны. Сёння планую пахварэць за беларускіх батутыстаў, у іх таксама ёсць усе шанцы парадаваць нас, балельшчыкаў, і паказаць годныя медальныя вынікі».

На думку Уладзіміра Скальзкова, правядзенне Еўрапейскіх гульняў у Беларусі – гэта важны крок наперад для стымулявання і развіцця беларускага спорту, магчымасць прадставіць Беларусь як стваральную і мірную краіну. «Гэта яшчэ, на мой погляд, і вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі, ёй ёсць на каго раўняцца ў спорце. Нямала асоб заявіла пра сябе на Еўрапейскіх гульнях, і ў цэлым наша каманда пакуль радуе: на сённяшні дзень беларусы ўтрымліваюць другое месца ў медальным заліку, а гэта дарагога варта», – лічыць магіляўчанін.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая