RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Загадчыца аўтаклуба цэнтралізаванай клубнай сістэмы Слаўгарадскага раёна Галіна Максімава прадставіць Магілёўшчыну на VI Усебеларускім народным сходзе

Не заставацца абыякавым

Указ Прэзідэнта аб развіцці паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці надаў новы імпульс жыццю Слаўгарадскага раёна. Адной са знакавых падзей для яго жыхароў і ўсёй краіны стала адкрыццё ў мінулым годзе моста праз Сож, які злучыў асноўную частку раёна з левабярэжжам. Як загадчыца аўтаклуба, які разам з інфармацыйна-сацыяльным цягніком «Клопат» рэгулярна наведвае вёскі ўсяго раёна, Галіна Максімава высока ацаніла перамены ў лагістыцы: вёскі Засожжа зараз сталі нашмат бліжэйшыя да райцэнтра.

Зараз шлях вяскоўцаў да райцэнтра скараціўся ў разы. Прадстаўнікам улады, работнікам культуры дабрацца да левабярэжжа таксама прасцей і хутчэй. І там ім, адзначыла Галіна Максімава, заўсёды рады:

– Сёння маланаселеныя вёскі не рэдкасць, ёсць яны і на нашым левабярэжжы. У асноўным там жывуць людзі ва ўзросце, для якіх зносіны – вялікая каштоўнасць. Ёсць і праблемы, якія вяскоўцы агучваюць падчас такіх сустрэч, разлічваючы на дапамогу і падтрымку і, вядома, атрымліваючы яе.

Адзін з нядаўніх маршрутаў цягніка «Клопат» напярэдадні Новага года акурат і пралягаў па Засожжы – вёсках Новая і Старая Каменка, Дубна і іншых. «У экіпажы, зразумела, былі Дзед Мароз са Снягуркай. Бо кожны чалавек у любым узросце чакае свята, і мы пастараліся падараваць яго вяскоўцам», – расказала Галіна Мікалаеўна. У пенсіянераў, як звычайна, была магчымасць задаць пытанні прадстаўніку ўлады – старшыні Кабінагорскага сельскага Савета дэпутатаў Вадзіму Сівухіну.

Як дэпутат гэтага ж сельсавета па Новаслабодскай акрузе, Максімава і сама ў курсе праблем, якія хвалююць землякоў:

– Даводзілася вырашаць пытанні, звязаныя з асвятленнем сельскіх вуліц, рамонтам дарог, чысткай калодзежаў. Асобная тэма – добраўпарадкаванне. Святы вёсак сталі часткай нашага жыцця, да іх рыхтуюцца не толькі артысты, але і самі вяскоўцы. Яны ўпрыгожваюць свае падворкі, разбіваюць новыя кветнікі, а самыя крэатыўныя і акуратныя з гаспадароў перамагаюць у традыцыйных конкурсах на самую лепшую сядзібу.

Уласнае падвор’е Галіна Мікалаеўна разам з мужам Аляксеем Аляксеевічам таксама ўтрымліваюць ва ўзорным парадку. Як атрымліваецца ўсё паспяваць? Бо, акрамя пасады загадчыцы аўтаклуба, як высветлілася, Максімава займае яшчэ і паўстаўкі кіраўніка клуба ў Новай Слабадзе. Яна патлумачыла, што яе яшчэ ў дзяцінстве родная бабуля Марыя Данілаўна навучыла граматна планаваць час. Працавітасць, аптымізм, уменне даводзіць пачатае да канца таксама ад яе. Таго ж Галіна Мікалаеўна вучыла і сваіх дзяцей. Вяскоўка лічыць, што ў нашай краіне створаны добрыя ўмовы для таго, каб кожны чалавек мог у поўнай меры рэалізаваць свае таленты:

– Мая дачка Наталля – стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Яна скончыла Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя Рымскага-Корсакава і цяпер вучыцца на апошнім курсе Беларускага дзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў.

А для сына прыкладам стаў бацька, які служыў у Слаўгарадскім РАНС. Сямнаццацігадовы Аляксандр таксама хоча стаць выратавальнікам і цяпер вучыцца ў ліцэі МНС у Гомелі.

Ва Усебеларускім народным сходзе Галіна Максімава ўдзел будзе прымаць упершыню:

– Спадзяюся, што падчас яго працы будзе паднята тэма самакіравання, больш актыўнага дыялогу ўлады і народа. Як паказвае практыка, людзі нашмат больш цэняць і берагуць тое, да чаго прыклалі рукі самі. Калі меркаваць па вопыце нашага раёна, суботнікі па добраўпарадкаванні вёсак, абсталяванні месцаў для адпачынку аб’ядноўваюць людзей розных пакаленняў, развіваюць іх ініцыятыўнасць. Да святаў таксама рыхтуемся разам, і ў іх удзельнічаюць як прадстаўнікі творчых калектываў, так і самі жыхары. Трэба бачыць, як такія сумесныя праекты натхняюць і радуюць людзей. І ў выніку ўмацоўваюць іх веру ў лепшае і ў заўтрашні дзень.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая