RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Уверенно управляет одним из лучших хозяйств Могилевщины молодой директор Александр Жибурт

Дырэктар філіяла «Вендараж» РУП «Магілёўэнерга» Аляксандр Жыбурт: «Лёсам мне наканавана працаваць на зямлі»

Сёлета Магілёўскі раён па валавым намалоце збожжа прызнаны лепшым у вобласці. Складнікі поспеху — неабходная колькасць мінеральных удабрэнняў, элітнае насенне, сродкі аховы раслін. У агульным караваі значная доля і філіяла «Вендараж» РУП «Магілёўэнерга». Трэці год калектыў узначальвае выпускнік факультэта ветмедыцыны Белдзяржветакадэміі Аляксандр Жыбурт. Працоўную дзейнасць ён пачынаў у магілёўскім ЗАТ «Агракамбінат «Зара», якім паспяхова кіраваў Леанід Маісееў.

Малады дырэктар упэўнена ўзяўся за справу. Упершыню хлебаробы філіяла сабралі амаль 15 000 тон зерня, што ў паўтара разы больш леташняга. Пры натуральнай урадлівасці зямлі ў 24 балы ўраджайнасць збожжавых перавысіла 42 цэнтнеры з гектара. Парадавалі шчодрым ураджаем рапс, кукуруза на зерне і цукровыя буракі.

Высокія вытворчыя паказчыкі і ў жывёлагадоўлі. Сярэднегадавы надой ад кожнай з 1252 кароў набліжаецца да 7000 кілаграмаў.

За перамогу ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў» калектыву філіяла сёлета ўручаны дыплом і трактар МТЗ-82.1.

Па дарозе з Магілёва ў Вендараж, а гэта тры дзясяткі кіламетраў, уразіла культура земляробства. Усцеленыя яркай рунню ўзгоркі чаргуюцца з акуратна ўзаранымі палеткамі, дагледжанымі пашамі і сенажацямі. Задзейнічаны кожны лапік зямлі. Пакуль ехалі, дырэктар Аляксандр Жыбурт знаёміў з гісторыяй сельгаспрадпрыемства.

Паўтара дзесяцігоддзі таму былы саўгас «Вендараж» стаў філіялам РУП «Магілёўэнерга». Да яго далучаны дзве суседнія гаспадаркі. На пяці фермах і двух малочна-таварных комплексах філіяла звыш 4600 галоў буйной рагатай жывёлы.

— Узначаліць такую вялікую гаспадарку даволі адказна. З чаго пачыналі? — цікаўлюся ў Аляксандра Уладзіміравіча.

— Тры гады таму стаў кіраўніком буйнога сельгаспрадпрыемства. За месяц да гэтага, на пачатку жніўня, я адзначыў трыццацігоддзе. Былы дырэктар Эдуард Куракін пазнаёміў мяне з калектывам. У адрозненне ад мяне ён чалавек рэзкі. Людзі яго пабойваліся. У тую восень па вытворчасці малака гаспадарка мінусавала амаль на 180 кілаграмаў ад каровы.

Дырэктарства пачаў з высвятлення прычын зніжэння надояў. Гутарыў з жывёлаводамі, прааналізаваў рацыёны кармлення статка. На малочна-таварным комплексе «Вендараж» кароў кармілі без уліку іх прадукцыйнасці. Ялавыя атрымлівалі столькі ж камбікармоў, як і дойныя. Памянялі загадчыцу комплексу. Узмацнілі адказнасць за выкананне ветэрынарна-заатэхнічных патрабаванняў. Навялі парадак у даільным цэху.

З галоўнымі спецыялістамі дэталёва разбіралі дзейнасць кожнай фермы. Усё гэта станоўча паўплывала на вытворчасць. Сёлета надой ад кожнай каровы прырос амаль на 800 кілаграмаў. Штодзённа для перапрацоўкі на ААТ «Бабушкіна крынка» пастаўляем звыш 21 тоны малака. Увесь прадукт рэалізуецца сортам экстра. Лічу, яшчэ шмат рэзерваў не выкарыстана. Будзем далей развіваць генетыку дойнага статка, павышаць прадукцыйнасць кароў. Менавіта вытворчасць малака дае найбольшы эфект. Грашовыя паступленні ад рэалізацыі яго ў агульным аб’ёме выручкі гаспадаркі дасягаюць 80 працэнтаў.

Пачынаем займацца і развядзеннем буйной рагатай жывёлы мясной пароды герэфорд. Статак утрымліваем на ферме «Хонава». Ужо маем амаль 250 галоў. Настроены адкрыць забойны цэх.

— А мо не варта траціць сродкі на будаўніцтва такога цэха, калі мясакамбінаты не поўнасцю забяспечаны сыравінай?

— Гэта іх праблема — шукаць сыравіну. Вырабленае на нашых фермах мяса перапрацоўчыя прадпрыемствы прадаюць значна даражэй, чым закупляюць. Дзейнасць забойнага цэха дазволіць рэалізоўваць высакаякасную ялавічыну, атрыманую ад спецыяльнай пароды, па больш высокіх цэнах. Прыбытак зможам выкарыстоўваць для далейшага развіцця вытворчасці і сацыяльнай сферы.

Плануем на малочна-таварным комплексе «Коцні» пабудаваць радзільнае аддзяленне і два памяшканні для цялят. Ёсць задумка наконт камбікормавага цэха.

Нашы ініцыятывы падтрымлівае кіраўніцтва вобласці і РУП «Магілёўэнерга». Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц заклікае наш калектыў па вытворчых паказчыках раўняцца на суседні агракамбінат «Зара», дзе я пачынаў працаваць пасля заканчэння ветакадэміі. Леанід Канстанцінавіч часта наведваецца да нас. Яго зацікавіў палетак, засеяны трыцікале ў сумесі з вікай для атрымання зялёнай масы. Па ініцыятыве кіраўніка вобласці на гэтым полі правялі абласны семінар па нарыхтоўцы кармоў. І на МТК для жывёлаводаў вобласці ладзіўся семінар, на якім дзяліліся вопытам вырошчвання маладняка буйной рагатай жывёлы.

З дырэктарам Аляксандрам Жыбуртам завіталі на вендаражскі малочна-таварны комплекс. Пабудаваны ён на ўзгорку за аграгарадком. Праезды да памяшканняў заасфальтаваныя. Каля ўсталяваных роўнымі радкамі пластмасавых хатак па свежай саломе гойсалі цяляты. Дойны статак выгульваўся ў дворыках, якія прымыкалі да кароўнікаў. Механізатар спецыяльным агрэгатам запаўняў фуражом кармушкі.

Паабапал асфальтаванай дарогі, што вя­дзе да жывёлагадоўчага комплексу, раскінуліся сельгасугоддзі гаспадаркі.

— Аляксандр Уладзіміравіч, па прафесіі вы ветэрынарны ўрач. Гаспадарка, якую ўзначальваеце, шматпрофільная. Акрамя вытворчасці малака, ялавічыны, яна спецыялізуецца і на раслінаводстве. Дзе чэрпаеце агранамічныя веды?

— Усю неабходную інфармацыю, калі ёсць жаданне, можна прачытаць у спецыяльнай літаратуры. Тэарэтычныя веды мне дала вучоба ў ветакадэміі. Шмат карыснага спасцігнуў за два гады студэнцкай стажыроўкі ў Англіі і Даніі. Убіраў там садавіну, бульбу, кукурузу. Працаваў на дацкім камп’ютарызаваным свінакомплексе, на якім утрымлівалася 12 000 кормнікаў. Гаспадар даверыў мне вытворчы працэс. Праз інтэрнэт дасылаў заяўкі на пастаўку камбікармоў і адгрузку кормнікаў на мясакамбінаты. Абслугоўвалі комплекс пяць чалавек.

Калі заканчваў вучобу ў ветакадэміі дэкан факультэта ветэрынарнай медыцыны Мікалай Толкач параіў размеркавацца на працу ў магілёўскі «Агракамбінат «Зара». Дырэктар сельгаспрадпрыемства Леанід Маісееў прапанаваў стаць яго намеснікам. За тры гады працы многаму навучыўся ў мудрага Леаніда Сяргеевіча. Ён жыва цікавіўся не толькі вытворчымі справамі, але і жыццём нашай сям’і. Ветакадэмію скончыла мая жонка Вольга. Нам выдзелілі катэдж у аграгарадку Рэчкі. Падрастаюць у нас сыны Іван, Уладзіслаў і Аляксандр. З вясны да восені амаль не бачу іх. Толькі зараз, калі на палях зацішша, больш часу магу ўдзяліць сям’і. Памятаю, як у дзяцінстве было вялікім шчасцем, калі бацька браў з сабой на ферму. Вырас я ў шматдзетнай сям’і. Жылі мы ў глыбіннай палескай вёсцы Раздзялавічы, што паміж Ганцавічамі і Целяханамі. Усё лета праводзіў у дзядулі Стахея Васільевіча. Ён быў лесніком. На падворку трымаў трох кароў, каня, некалькі свіней, хатнюю птушку. Бацька працаваў ветэрынарным урачом у вядомым саўгасе «Адраджэнне», пабудаваным на меліяраваных землях. Потым наша сям’я пераехала ў Маларыцкі раён. Там скончыў сярэднюю школу. Бацькі настройвалі паступаць у медінстытут, але там быў надта высокі конкурс. Пэўна, лёсам было мне наканавана працаваць на зямлі.

— І не толькі працаваць на зямлі, а і кіраваць калектывам, які ў ліку лепшых на Магілёўшчыне. Ці не цяжкая гэта місія?

— З дзяцінства памятаю словы дзеда: без працы хлеба не бывае. Яго трэба зарабіць. Вендаражскія землі ў асноўным пясчаныя. Без запраўкі мінеральнымі і арганічнымі ўдабрэннямі не абысціся. Кіраўніцтва вобласці пасадзейнічала ў забеспячэнні тукамі. Абнавілі поўнасцю насенны матэрыял. З агранамічнай службай распрацавалі стратэгію развіцця раслінаводства. У вобласці прынята разумнае рашэнне пашырыць плошчы пад азімы клін. Вясною пясчаная глеба хутка высыхае: не стае вільгаці для развіцця раслін. Азімыя з восені ўкараняюцца, яны не баяцца засухі. Імі ў нас займаюць 2800 гектараў, што ў два разы больш мінулагодняга.

Дзеля забеспячэння жывёлы фуражом пашырылі плошчы пад кармавыя культуры. Сёлета намалацілі звыш 2000 тон зерня кукурузы. Дзякуючы паступленням ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства абнаўляем машынна-трактарны парк, набываем усё неабходнае для вытворчага працэсу.

— Механізатараў хапае, каб працаваць на новай тэхніцы?

— На першым часе былі праблемы з кадрамі механізатараў і жывёлаводаў. Заахвочваем людзей высокімі заробкамі і спрыяльнымі ўмовамі працы, выдзяляем жыллё. Сярэднямесячны заробак перавышае тысячу рублёў. Для адзінокіх і маласямейных ёсць інтэрнат. Маладыя сем’і справілі наваселлі ў адна- і двухкватэрным жылых дамах. На наступны год плануем у аграгарадку Вендараж пабудаваць два двухкватэрныя дамы.

У нас склаўся касцяк галоўных спецыялістаў. Мне дапамагаюць кіраваць намеснікі Іван Шкурганаў і Анатоль Капашылаў. Інжынерную службу ўзначальвае выпускнік Белдзяржсельгасакадэміі Алег Сівакоў, агранамічную — Арцём Юр’еў, заатэхнічную — Аляксандр Шчапанаў, а яго жонка Алеся Вітольдаўна працуе асемянатарам. Пасля службы ў арміі сеў за руль трактара сын Максім.

— Зараз, калі да вясны спачывае зямля, напэўна, самы час перадыхнуць хлебаробу?

— Клопатаў не меншыцца. Механізатары рамантуюць тэхніку да веснавых палявых работ. Вытворчыя паказчыкі за мінулыя тры гады заўважна выраслі. Трэба стабільна іх утрымліваць. Чым яны больш высокія, тым складаней прыбаўляць.

— Каб мець поспех, мо часам даводзіцца рызыкаваць?

— Прызнаю аргументаваную рызыку. Упершыню адважыліся вырошчваць кукурузу на зерне. Атрымалі з кожнага гектара амаль па сотні цэнтнераў. Апраўдалі сябе і цукровыя буракі. Кожны з 200 гектараў даў звыш 500 цэнтнераў салодкіх караняплодаў. Ад такой рызыкі папоўніцца казна гаспадаркі. Будуць сродкі на абсталяванне машыннага двара. Старшыня аблвыканкама Леанід Заяц прапанаваў правесці ў нас абласны семінар па захоўванні тэхнікі. Прэтэндуем мы і на правядзенне рэспубліканскіх «Дажынак» сістэмы РУП «Белэнерга». Кожная справа патрабуе дэталёвага вывучэння абставін. Без дай прычыны рашэнняў ніколі не прымаю.

Прыемна чуць ад тутэйшых, што гаспадарка развіваецца, паляпшаецца дабрабыт працаўнікоў. А гэта самае важнае.

Владимир Суббот, СБ

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна