Больш за 100 донараў у дзень. У Магілёве праходзіць акцыя «Белая Русь» - родная кроў: падары шанец на жыццё!»
Штогадовая дабрачынная акцыя «Белая Русь» – родная кроў: падары шанец на жыццё!» аб'яднала сёння на Магілёўскай абласной станцыі пераліванне крыві неабыякавых жыхароў рэгіёну.

Маштабны сацыяльны праект праходзіць з 18 траўня па 14 чэрвеня ў рамках рэспубліканскай ініцыятывы «Дабро. Донарства. Жыццё». Да здачы крыві далучыліся сябры грамадскага аб'яднання, супрацоўнікі прадпрыемстваў і журналісты.


Як расказала лекар–трансфузіёлаг, загадчыца аддзялення захоўвання і размеркавання прадуктаў крыві Вікторыя Яраховіч, толькі за сённяшні дзень станцыю наведалі больш за 100 донараў. Сярод іх – каля 25 актывістаў «Белай Русі», работнікі ААТ «Хімвалакно» і пастаянныя донары ўстановы. За месяц тут здаюць кроў каля 1,5 тыс. чалавек, яшчэ каля 800 становяцца донарамі плазмы і трамбацытаў. «Гэты кампанент крыві немагчыма замяніць нічым іншым. Адзіная дапамога для цяжкіх хворых – гэта чалавек і яго кроў», – падкрэсліла яна.
Па словах галоўнага лекара Магілёўскай абласной станцыі пералівання крыві Тамары Бурак, донарства абсалютна бяспечнае для чалавека. Дапушчальная норма здачы суцэльнай крыві – 4–5 раз у год па 450 мл. Такі аб'ём запускае ў арганізме працэсы рэгенерацыі. Кожны візіт на станцыю – гэта паўнавартаснае медабследаванне. Донары бясплатна здаюць аналізы на ВІЧ, вірусныя гепатыты і іншыя інфекцыі, праходзяць ЭКГ, атрымліваюць вынікі біяхіміі крыві.



Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Аляксандр Гарошкін адзначыў, што галоўная мэта акцыі – не проста сабраць кроў, а растлумачыць людзям важнасць донарства. За тры гады больш за 300 сябраў аб'яднання сталі рэгулярнымі донарамі. «Наша галоўная задача – гэта правядзенне тлумачальнай работы як сярод членаў нашага грамадскага аб'яднання, так і сярод насельніцтва аб важнасці гэтай працэдуры, – сказаў ён. – Дзякуючы такой працы мы ўпэўненыя, што дэфіцыту крыві ў рэспубліцы няма».
Свой уклад у агульную справу ўнесла і карэспандэнт БЕЛТА. Працэдура заняла некалькі хвілін, а адчуванне дачынення да добрай справы засталося надоўга. Пасля здачы крыві адчуваеш сябе бадзёра – ты стаў часткай каманды, якая ратуе жыцці.

Сярод удзельнікаў – супрацоўніца дзіцячага сада №64 Магілёва Вікторыя Осіпава. Яна ўдзельнічае ў акцыі ўжо пяты раз і сёння прывяла калег. «Кроў трэба здаваць, каб дапамагчы людзям. Цяпер яна неабходна і дарослым, і дзецям. Мы робім добрую справу, дапамагаем усім, хто мае ў гэтым патрэбу», – адзначыла яна.
Акцыя працягнецца да 14 чэрвеня – Міжнароднага дня донара крыві. Арганізатары – Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь» і РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій.
Переводчик