З Кіраўскага раёна на дапамогу іншым гаспадаркам Магілёўскай вобласці выйшла калона камбайнаў.

Як расказаў начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Кіраўскага райвыканкама Дзмітрый Іваніцкі, на сённяшнюю раніцу ў раёне ўбралі 93% плошчаў. Вызваленыя сілы было вырашана накіраваць у іншыя раёны, каб дапамагчы ім ва ўборцы ўраджаю. «З Кіраўскага раёна накіроўваюцца 4 камбайны і экіпажы, з Бабруйскага – 3, – распавёў ён. – Усе механізатары вопытныя, машыны спраўныя, яны прайшлі дзяржтэхагляд. Усе нацэлены якасна і ў тэрмін убраць ураджай». Ён дадаў, што па дарозе да калоны далучацца камбайны з іншых раёнаў.

Камбайнеры Кіраўскага раёна пасля перакідкі прадоўжаць працаваць на палях Магілёўскага раёна. Сярод іх механізатар КСУП «Жылічы» Аляксандр Казека. Мужчына распавёў, што за штурвалам камбайна ён ужо больш за 40 гадоў – як толькі прыйшоў з арміі ў 1984 годзе. Вопытны аграрый адзначыў, што працаваў на «Нівах» і «Донах», а цяпер кіруе сучасным айчынным камбайнам. Тэхналогіі ступілі далёка наперад, стаўшы адчувальнай падмогай у нялёгкай справе.

«У гэтым годзе я зжаў дзесьці 1,1 тыс. т. У нашай гаспадарцы ўжо ўсё прыбралі, цяпер рухаемся далей, – растлумачыў ён. – Уборка ўраджаю – праца, якая не трывае прамаруджвання. Таму нельга марнаваць каштоўны час. Сваё прыбралі, у засекі заклалі, зараз трэба калегам дапамагчы, каб таксама якасна і ў тэрмін усё зжаць. У гэтай справе нельга дзяліць на «сваё» і «чужое». Мы ўсе на адзін вынік працуем».

Больш за 20 гадоў у сферы сельскай гаспадаркі працуе старшы камбайнер КСУП «Чырвоны баец» Валерый Дырыкаў. Цяпер мужчына працуе з памочнікам Мікалаем Форчанам. Для яго гэта першы сезон, але, як адзначыў старшы камбайнер, спрацаваліся яны хутка.

«Жніво ў сябе скончылі – намалацілі па гаспадарцы больш за 4 тыс. т, цяпер едзем на дапамогу ў «Вендараж» у Магілёўскім раёне. У гэтым годзе нам надвор'е дазволіла ўсё зрабіць хутка, я жаў 11 дзён, – распавёў Валерый Дырыкаў. – Я не першы год прыходжу на дапамогу іншым гаспадаркам. Летась працаваў у «Гіганце» ў Бабруйскім раёне, ездзіў у Горацкі раён. Усе разумеюць, што збор ураджаю – важная праца не толькі для раёна і вобласці, але і ўсёй краіны. Як тут можна адмовіцца? Аграрыі так не робяць, заўсёды адзін аднаму дапаможам і падтрымаем».

БЕЛТА