RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Абласны этап рэспубліканскага марафону студэнцкіх атрадаў адбудзецца 30 лістапада ў Магілёве

Абласны этап рэспубліканскага марафону студэнцкіх атрадаў «Маладосць. Праца. Адзінства» адбудзецца 30 лістапада ў Магілёве. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным камітэце ГА «БРСМ», які выступае арганізатарам мерапрыемства.

Асноўнай пляцоўкай марафону стане тэрыторыя каля кінатэатра «Радзіма». А 11.00 адбудзецца адкрыццё памятнага знака «Зорка БРСМ» пасля рэстаўрацыі. Работы па аднаўленні праводзілі байцы студатрадаўскага руху Магілёўшчыны.

Дарэчы, памятны знак, які ўяўляе сабой цёмную пліту ў форме паўсферы, якая сімвалізуе начное неба, з выявай сузор’я Вялікая Мядзведзіца, дзе пазначана зорка «БРСМ», з’явіўся на скрыжаванні плошчы Зорак і Камсамольскага сквера ў 2007 годзе. Гісторыя яго нараджэння дастаткова цікавая. У 2007 годзе 24 жніўня ў Міжнародным каталогу «Космас-Зямля» пад імем «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» была зарэгістравана зорка шостай велічыні сузор’я Вялікая Мядзведзіца. Менавіта яна, як устанавілі навукоўцы, знаходзілася над Мінскам а 10 гадзіне раніцы 6 верасня 2002 года ў момант пачатку аб’яднальнага з’езду БПСМ і БСМ. Ведаючы гэта, актывісты Магілёўскага абласнога камітэта БРСМ вырашылі падарыць яе саюзу.

Пасля адкрыцця памятнага знака працу пачнуць інтэрактыўныя пляцоўкі «Маладосць у байцоўцы». Госці марафону прымуць удзел у майстар-класе па мастацкім роспісе пернікаў у стылі беларускіх студэнцкіх атрадаў, у маладзёжным флэшмобе «Адзіныя рытмам БСА», змогуць зрабіць здымак на памяць на тэматычнай фотазоне «Труд крут», а таксама пазнаёмяцца з дасягненнямі БСА Магілёўшчыны.

А 12.30 у канферэнц-зале кінатэатра «Радзіма» адбудзецца адкрыты дыялог «Мой студатрад – час з карысцю. Перспектывы развіцця маладзёжнага руху». Яго ўдзельнікі сустрэнуцца з другім сакратаром Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандрам Прохаравым, камандзірам рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў Надзеяй Шахоўскай, ветэранамі студатрадаўскага руху, з камскладам рэспубліканскага працоўнага праекта «Атлант 2021». Тут абмяркуюць праблемныя пытанні, прапануюць ініцыятывы.

На 13.40 запланавана ўрачыстая цырымонія закрыцця трэцяга працоўнага семестра 2021 года. Падчас мерапрыемства ўзнагароды атрымаюць найлепшыя камандзіры, камісары, байцы студэнцкіх атрадаў, штабы працоўных спраў устаноў адукацыі і найлепшыя наймальнікі рэгіёна. А камандзір Магілёўскага абласнога штаба СА Уладзімір Паўлоўскі перадасць статуэтку ў выглядзе бусла – сімвал адданасці слаўным традыцыям студатрадаўскага руху – камандзіру Брэсцкага абласнога штаба з Максіму Харытоніку. Менавіта ў гэтым рэгіёне пройдзе наступны абласны этап рэспубліканскага марафону студэнцкіх атрадаў «Маладосць. Праца. Адзінства».

Таксама на працягу дня пройдзе абласны фотаконкурс «Я люблю БСА». Жадаючыя паўдзельнічаць павінны будуць зрабіць фота з элементамі БСА, размясціць яго ў асабістых акаўнтах (профіль павінен быць адкрытым) у сацыяльнай сетцы Instagram з адзнакай акаўнта @mogbrsm. Па выніках дня найлепшыя фота прымуць удзел у інтэрнэт-галасаванні ў Instagram @mogbrsm.

У 2021 годзе ў Магілёўскай вобласці працаўладкавана 3517 студатрадаўцаў у складзе 289 атрадаў. Маладыя людзі працавалі ў будаўнічых, педагагічных, вытворчых, сэрвісных, сельскагаспадарчых, медыцынскіх і экалагічных атрадах.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая