RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Абласны тур «Уладара вёскі» пройдзе 15 чэрвеня ў Бялыніцкім раёне

Абласны тур рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі» пройдзе 15 чэрвеня ў амфітэатры аграгарадка Вішоў Бялыніцкага раёна. Яго ўдзельнікамі стануць самыя актыўныя сем'і Магілёўшчыны, якія жывуць і працуюць у вёсцы. Пра гэта паведамляе арганізатар конкурса абкам БРСМ.

Як расказалі ў маладзёжнай арганізацыі, перад урачыстым пачаткам абласнога тура ўдзельнікі ўскладуць кветкі да месца гонару і пашаны ў аграгарадку Вішоў – «Алеі Славы». Далей яны прадставяць «Візітную картку», раскажуць пра сябе, свае захапленні і ўклад жыцця, прэзентуюць выставы сямейнай творчасці. Прадугледжаны таксама выпрабаванні: «Лепшы сельскі падворак»; «Хлеб усяму галава» і «Касцы». Нагадаем, удзел у конкурсе бяруць маладыя сем'і з дзецьмі, у якіх хаця б адзін з мужа і жонкі знаходзіцца ва ўзросце да 31 года і з'яўляецца членам ГА «БРСМ», якія пастаянна пражываюць і працуюць у сельскай мясцовасці і вядуць асабістую падсобную гаспадарку.

Па выніках спаборніцтваў вызначыцца сям'я-пераможца, якая набрала найбольшую колькасць балаў. Яна і прадставіць Магілёўшчыну ў фінале сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі». Завяршальны этап традыцыйна пройдзе ў аграгарадку Александрыя на рэспубліканскім свяце «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»).

«Уладар вёскі» стаў добрай беларускай традыцыяй. З 2007 года гэты праект адраджае народныя звычаі і актуалізуе тэму сямейных каштоўнасцей. Крэатыўнае сямейнае спаборніцтва аб'ядноўвае маладых людзей усёй Беларусі, якія ганарацца не толькі сваімі сем'ямі, але і гісторыяй малой Радзімы», - адзначаюць арганізатары, запрашаючы ўсіх жадаючых наведаць самае маштабнае сямейнае свята. Для ўдзельнікаў урачыстасці запланавана канцэртна-забаўляльная праграма, інтэрактыўныя пляцоўкі, апусканне ў сямейныя традыцыі і беларускі каларыт.

Юлія Таранава

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая