RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ад уборачнай кампаніі да сітуацыі на граніцы і санкцый. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачы па найбольш актуальных пытаннях

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў паставіў задачы па найбольш актуальных і вострых тэмах парадку дня.

Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, паставіў задачы перад аграрным сектарам, выказаўся аб вострай сітуацыі на граніцы з мігрантамі, даў даручэнні па рэагаванні на санкцыі Захаду ў адносінах да Беларусі, выказаўся на тэму лячэння ў Беларусі пацыентаў ад каранавіруса. На нараду быў вынесены і шэраг іншых пытанняў, у тым ліку па рэфармаванні прадпрымальніцкай дзейнасці.

У першую чаргу кіраўнік дзяржавы закрануў тэму ўборачнай, завяршэння асенніх палявых работ і своечасовай падрыхтоўкі да вясны. Галоўнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы ў тым, каб усё рабілася якасна і аператыўна, у аптымальныя тэрміны. Цэны на прадукты харчавання ў цэлым нядрэнныя, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, і гэта дасць магчымасць паправіць і ўмацаваць фінансавае становішча гаспадарак. Асаблівыя акцэнты на падрыхтоўку і рамонт тэхнікі да вясны, а стратэгічная задача на бліжэйшую перспектыву - меліярацыя.

Аляксандр Лукашэнка не мог абмінуць і сітуацыю на граніцы з мігрантамі. Ён даручыў дадаткова звярнуць увагу на пытанні дапамогі бежанцам на граніцы, асабліва цяжарным і дзецям. У тым ліку кіраўнік дзяржавы даручыў падвезці ім сухіх дроў.

Задача Міністэрству замежных спраў - у ААН і іншых міжнародных структурах вельмі жорстка ўзнімаць адпаведныя пытанні.

Адначасова кіраўнік дзяржавы даў дакладныя даручэнні ў сферы забеспячэння пагранічнай бяспекі. «Міністэрству абароны, КДБ, пагранвойскам - забяспечыць кантроль за перамяшчэннем войскаў НАТА і Польшчы. Вы бачыце, што 15 тыс. ужо ваеннаслужачых, танкі, бранятэхніка, верталёты паляцелі з самалётамі. Яны падцягнулі да нашай граніцы, прытым нахабна, не папярэдзіўшы нікога», - заявіў беларускі лідар.

Акрамя таго, заўважыў кіраўнік дзяржавы, намецілася небяспечная тэндэнцыя, калі ў лагер мігрантаў спрабуюць перакінуць зброю і боепрыпасы, каб справакаваць канфлікт.

Яшчэ адна тэма, абазначаная на нарадзе, - санкцыі. «Вельмі шмат нас пачалі палохаць пятым пакетам. На гэты пяты пакет, Раман Аляксандравіч (прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. - Заўвага БЕЛТА), вам было даручэнне: мы ім дараваць нічога не павінны», - даручыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся на тэму пандэміі і эпідсітуацыі ў Беларусі. Нягледзячы на спад захваральнасці на COVID-19, які намеціўся, расслабляцца ні ў якім разе нельга, падкрэсліў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць паступовага вяртання да звычайнай работы тых клінік, якія раней былі перапрафіляваны пад лячэнне хворых з каранавірусам.

На нарадзе ў кіраўніка дзяржавы было разгледжана і некалькі тэм, якія закранаюць розныя сферы дзейнасці. «Яны вынесены на асобнае абмеркаванне, таму што пры прыняцці рашэнняў па іх узніклі некаторыя пытанні», - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Адной з такіх тэм стала рэфармаванне прадпрымальніцкай дзейнасці. Прэзідэнт нагадаў, што ім была пастаўлена задача павысіць ступень удзелу суб'ектаў малога прадпрымальніцтва ў фінансаванні дзяржаўных расходаў. Урад выпрацаваў пэўныя падыходы і на зацвярджэнне кіраўніка дзяржавы ўнесены праект указа «Аб дзейнасці суб'ектаў малога прадпрымальніцтва».

Таксама на нараду былі вынесены пытанні аб аказанні дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемству «Амкадор» і аб будаўніцтве новага вучэбнага корпуса БДУ.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая