RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Адкрыты дыялог «Сіла Асноўнага Закона» з удзелам моладзі пройдзе ў Магілёве 13 студзеня

Моладзь Магілёўшчыны збярэцца 13 студзеня ў абласным цэнтры на адкрыты дыялог «Сіла Асноўнага Закона». Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным камітэце грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

Як растлумачылі суразмоўцы, падчас сустрэчы маладыя людзі з экспертамі абмяркуюць змены і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

«У працы дыскусійнай пляцоўкі, якая пройдзе ў змешаным фармаце (афлайн і анлайн), плануецца ўдзел больш за 150 чалавек. Гэта прадстаўнікі розных катэгорый моладзі з усёй Магілёўшчыны: актыў БРСМ, пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года – 2021», члены Рэспубліканскай студэнцкай калегіі, байцы студэнцкіх атрадаў, валанцёры руху БРСМ «Добрае сэрца», несаюзная моладзь, – расказалі арганізатары. – З залы і падчас уключэнняў з раённых студый маладыя людзі змогуць выказаць сваё меркаванне, унесці прапановы ў праект Канстытуцыі Беларусі, а таксама задаць экспертам пытанні».

Дарэчы, экспертамі адкрытага дыялогу выступяць намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук’янаў, старшыня Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным Сходзе Рэспублікі Беларусь, член Канстытуцыйнай камісіі Ягор Макарэвіч.

Да пачатку сустрэчы ўдзельнікі змогуць азнаёміцца з выставачнай кампазіцыяй «Гісторыя станаўлення Канстытуцыі», падрыхтаванай Магілёўскім абласным камітэтам БРСМ, і працай маладзёжнай анлайн-прыёмнай.

Акрамя таго, падчас мерапрыемства плануецца аб’явіць і ўзнагародзіць пераможцаў рэгіянальнага тура рэспубліканскага моладзевага праекта «100 ідэй для Беларусі».

Рэд.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая