RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Адкрыты Кубак Беларусі па лёгкай атлетыцы ў памяшканні пройдзе ў Магілёве 3 лютага

Заўтра пад скляпеннямі спартыўнага комплексу «Алімпіец» сустрэнуцца лідэры беларускай лёгкаатлетычнай зборнай. У рамках кубка краіны спартсмены правядуць рэпетыцыю галоўнага нацыянальнага форуму, які адбудзецца тут жа на два тыдні пазней. Спаборніцкі сезон адкрылі ўжо практычна ўсё. Нехта з месца ў кар'ер ужо паспеў абнавіць асабістыя рэкорды. Хтосьці пакуль толькі прымерыўся да маючых адбыцца стартаў і паказаў працоўныя вынікі. Але на другім па значнасці зімовым турніры паназіраць цікава будзе за кожным.

Так, у сектары для штурхання ядра мы ўбачым Алега Тамашэвіча, які на мінулым тыдні адразу на двух стартах вызначыўся спробамі за 21-метровую мяжу. Перш гэтак далёка ў памяшканні наш спартовец яшчэ не штурхаў, ды і абсалютны асабісты рэкорд - 21.30 - усталяваў акурат пад заслону мінулага летняга сезону на Мемарыяле Рамуальда Кліма. З яго ўлікам, серыя стартаў атрымліваецца уражлівай. У жанчын у гэтым відзе праграмы ў сектары мы на гэты раз не ўбачым Алену Дубіцкую, а значыць, саліраваць у пагоні за добрымі метрамі трэба будзе Алену Трус.

Страцяць у відовішчнасці мужчынскія спаборніцтвы ў скачку з шастом, якія прапусціць Мацвей Волкаў. Ён, нагадаем, у гэты дзень будзе штурмаваць вышыні ў Маскве на «Рускай зіме». Зрэшты, гэты сектар у Магілёве ўсё роўна будзе цікавы дзякуючы выступленню Ірыны Жук. Гэтая спартсменка, як мы ведаем, таксама ўмее здзіўляць і біць рэкорды. У мужчынскім скачку ў вышыню выступіць Мікіта Данілаў, які дзеліць лідэрства беларускага сезона з Максімам Недзесекавым, маючы на рахунку 2.24. Ён на дадзены момант можа пахваліцца, мабыць, найлепшай формай і стабільнасцю ў сваёй кар'еры. У жанчын у гэтым сектары барацьбу з планкай павядзе Карына Дзямідзік, якая гэтай зімой ужо ўзлятала на 1.92 і 1.93 на стартах у Расіі.

Звыкла будзе цікавы бар'ерны спрынт. Эльвіра Грабарэнка, нават не дабягаючы пакуль што да асабістага рэкорду і не зусім задаволеная сваімі секундамі, паказвае вынікі сусветнага ўзроўню. Тут жа выступяць Святлана Парахонька і Руслана Раманоўская, якая вярнулася ў строй пасля прыкрай траўмы на старце сезона. Абодва летам не давалі магчымасці расслабіцца нашаму лідэру. Віталю Парахоньку саперніцтва на дыстанцыі 60 метраў з бар'ерамі чакаць не даводзіцца, але нядаўнія спаборніцтвы паказалі, што і без яго ён на добрым ходзе. Тры выхады на старт - тры асабістыя рэкорды. 7.63 - трэці вынік у гісторыі нашай краіны і найхутчэйшыя секунды беларускіх лёгкаатлетаў за апошнія дзесяць гадоў. Ці тое яшчэ будзе!
 
На гладкай 60-метроўцы ў жанчын сустрэнуцца Яніна Луцэнка і Лізавета Трацяк, якія абедзве гэтай зімой ужо адзначыліся лепшымі вынікамі ў кар'еры - 7.36 і 7.42 адпаведна. Мужчынскі спрынт мінулай зімой быў цікавы супрацьстаяннем Максіма Грабарэнкі і Дзяніса Блізнят. На нацыянальным чэмпіянаце разважыць іх не здолеў нават фотафініш і абодва падняліся на вышэйшую прыступку пастамента з асабістымі рэкордамі 6.71. Максім на працягу мінулага тыдня паўтарыў гэтыя секунды двойчы. У Дзяніса сёлета ў актыве пакуль 6.80. І іх новая сустрэча на кубку краіны адназначна інтрыгуе.

Практычна ўсе лідары зборнай заяўлены і на 400-метроўцы. Сярод жанчын убачым Ганну Міхайлаву, якая пакуль у гэтым сезоне не стартавала на поўную сілу, а таксама Крысціну Мулярчык, Астэрыю Лімай і Юлію Блізнец. У мужчын права падняцца на п'едэстал гонару аспрэчаць Міхаіл Міхноўскі, Марк Пацей, Ігар Зубко і Уладзімір Жадзько. Ян Слома адкрые спаборніцкі сезон выступам на 800-метроўцы, дзе яго сустрэнецца з Дзмітрыем Савіным, а за Вячаславам Скудным і Арцёмам Калачовым паназіраем на «паўтарашцы». Зміцер Іваненка зноў паспрабуе штурмаваць нацыянальны рэкорд на 3000 метраў з перашкодамі на «шорт-трэку», які сягоння складае 8:23.76, а Таццяна Шабанава па традыцыі выйдзе на старт дзвюх дыстанцый у адзін дзень - стыпль-чэз і 800 метраў, на кожнай якіх стане галоўнай прэтэндэнткай на перамогу.

У сектары для скачка ў даўжыню ў мужчын звернем увагу на Уладзіслава Булахава, які ўжо мае ў гэтым сезона на Рэспубліканскай Універсіядзе 7.71, а сярод скакуноў трайным - на Максіма Несцярэнку, які адкрыў сезон там жа палётам на 16.51. У жанчын у справе ўбачым Віялету Скварцову, у якой у скарбонцы сёлетняй зімой дэбютны старт на «Мінскай зіме» з вынікам 6.47 у скачку ў даўжыню.

Сачыць за вынікамі ў анлайн-рэжыме можна будзе на афіцыйным сайце БФЛА, а бачыць баталіі на дарожках і ў сектарах - не толькі з трыбун, але і ў прамым эфіры тэлеканала «Беларусь 5». Трансляцыі запланаваны з 9:50 да 11:55 і з 14:25 да 17:15.

Расклад

bfla.eu

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая