RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Адзіны дзень інфармавання з удзелам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага прайшоў на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў

Праца, паўсядзённыя справы і клопаты не заўсёды даюць нам магчымасць сачыць за навінамі і падзеямі, якія адбываюцца не толькі ў грамадстве, але і ў горадзе. Таму добра, што на прадпрыемствах праходзяць адзіныя дні інфармавання, на якіх можна задаць пытанні спікерам і вырашыць набалелыя праблемы.

20 снежня такая магчымасць прадставілася працоўнаму калектыву ААТ «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў», на сустрэчу з якім прыехаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі.

Падводзячы вынікі адыходзячага года, дырэктар прадпрыемства Уладзімір Кісель расказаў аб рацыянальным выкарыстанні рэсурсаў, прыбытковасці завода, павышэнні якасці выпускаемай прадукцыі. Вытворчасць таварнай прадукцыі за студзень-снежань 2018 года ў дзеючых цэнах склала Br154 млн. Нягледзячы на гэта, адным з самых важных паказчыкаў з’яўляецца сярэднямесячная заработная плата на аднаго працоўнага. За 12 месяцаў бягучага года яна склала каля Br830, у тым ліку за бягучы месяц – Br1000.

У выступленні Уладзімір Даманеўскі адзначыў, што памятае часы, калі з кіраўніцтвам прадпрыемства думалі пра тое, як загрузіць завод. А сёння ёсць і загрузка, і праца.

Бабруйск – прамысловы рэгіён, які адыгрывае вялікую ролю для вобласці. Аднак датацыі з бюджэту, якія вылучаюць гораду, дасягаюць амаль 40%. Гэта сведчыць аб тым, што горад на Бярэзіне сёння сябе забяспечваць не можа.

Ёсць прадпрыемствы (ААТ «УКХ «Бабруйскаграмаш»», ААТ «Белшына»), якія знаходзяцца ў свабоднай эканамічнай зоне і маюць прэферэнцыі, якія ўплываюць на агульны вынік прамысловасці горада. Зараз за заводамі пільна сочаць, праводзяцца разнапланавыя работы, якія, як выказаў надзею Уладзімір Даманеўскі, дапамогуць прадпрыемствам палепшыць сітуацыю па загрузцы і рэалізацыі прадукцыі.

«Калі паглядзець, наколькі ўдалым ці няўдалым быў год для Магілёўшчыны, я б сказаў, што на некаторыя паказчыкі мы не выходзім запланаванымі для сябе тэмпамі, але ў прадпрыемстваў ёсць станоўчая дынаміка», – адзначыў кіраўнік вобласці.

На сустрэчы Уладзімір Даманеўскі расказаў працоўнаму калектыву, што няпростая сітуацыя ў гэтым годзе была і ў ААТ «Бабушкина крынка». З 1 лютага 2018 года прадпрыемства прыпыніла пастаўкі на рынак Расійскай Федэрацыі і фактычна да мая прадукцыя на складах назапашвалася. Але прадпрыемству ўдалося знайсці 19 новых рынкаў, на якіх прадукцыя карыстаецца попытам.

Закранулі і тэму аховы здароўя. Старшыня аблвыканкама адзначыў, што рэгіёну неабходна 18 апаратаў магнітна-рэзананснай тамаграфіі, сёння іх толькі 6. Сёлета ў Магілёве ўжо паставілі адзін прыбор, вядуцца работы і па Бабруйску. Калі ўсё складзецца ўдала, што ўжо ў 2019 годзе паставяць два прыборы – для правядзення камп’ютарнай тамаграфіі і МРТ.

Калектыў прадпрыемства звярнуўся да старшыні аблвыканкама з пытаннем, што тычыцца рэканструкцыі дзіцячай бальніцы. Уладзімір Даманеўскі расказаў, што працы ўжо вядуцца, а сродкі, якія гараджане сабралі на будаўніцтва, разам з вылучанымі фінансамі з бюджэту пойдуць на набыццё абсталявання і будаўнічых матэрыялаў.

Па матэрыяле БЖ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая