RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Агракамбінат «Зара» пашырае магутнасці і павялічвае асартымент прадукцыі

Павелічэнне асартыменту вырабленай прадукцыі, новыя цэхі па вытворчасці сыравяленых каўбас і паўфабрыкатаў – ЗАТ «Агракамбінат “Зара”» пашырае вытворчыя магутнасці. Пра гэта паведаміла намеснік генеральнага дырэктара па перапрацоўцы Таццяна Дзякава.

«Цэх па вытворчасці сыравяленых і сыравэнджаных каўбас запрацуе ўжо да канца года. Памяшканне ўладкавалі, усё неабходнае абсталяванне закупілі – зараз ідзе яго мантаж. Новы цэх дапаможа не толькі павялічыць выпуск на прадпрыемстве каўбас, але і пашырыць асартымент – будзе прадстаўлена каля 20 новых найменняў», – растлумачыла Таццяна Дзякава.

Па словах намесніка генеральнага дырэктара, такое абнаўленне – неабходнасць, прадыктаваная рынкам. «Мы знаходзімся ў пастаянным развіцці. Акрамя таго, рынак таксама дыктуе свае правілы – нашу прадукцыю цэняць і любяць не толькі ў Магілёўскай вобласці, але і за яе межамі. Акрамя таго, ніша менавіта такіх каўбас на рынку не да канца занятая. Вельмі працяглы і працаёмкі працэс іх вырабу. У нас свая высакаякасная сыравіна – можна сказаць, былі створаны ўсе ўмовы для пашырэння існуючых вытворчасцей і адкрыцця новых цэхаў», – адзначыла яна.

Кошт новага абсталявання – больш за 1 млн еўра. Зараз агракамбінат «Зара» выпускае каля 3 тыс. т сыравяленых каўбас на месяц. Пасля запуску новага цэха аб’ёмы вытворчасці вырастуць да 11 тыс. т на месяц.

Яшчэ адна навінка, якую плануюць у найбліжэйшай будучыні выпускаць у «Зары», – паўфабрыкаты. «Тут мы плануем выпускаць розныя тэставыя паўфабрыкаты – пельмені, чабурэкі. Акрамя гэтага, тут жа будзем вырабляць катлеты ў паніроўцы, катлетныя палачкі і іншае. Гэта зусім новая для нас прадукцыя, – адзначыла Таццяна Дзякава. – Само памяшканне пад новы цэх ужо гатовае. Зараз ідзе пошук неабходнага абсталявання. Запрацуе новы цэх ужо ў наступным годзе».

Акрамя гэтага, на прадпрыемстве плануюць павялічыць экспарт прадукцыі ў Кітай. «Мы плануем наладзіць экспартныя пастаўкі ў Кітай – рэалізоўваць плечавую частку крыла і ногі кураняці-бройлера. Там такая прадукцыя карыстаецца попытам. І для гэтага нам неабходна набыць новае абсталяванне поўнага цыкла – ад разрубкі да ўпакоўкі. І працы ў гэтым кірунку таксама вядуцца», – патлумачыла Таццяна Дзякава.

Таксама на прадпрыемстве вядуцца работы па мантажы новай лініі абвалкі буйной рагатай жывёлы і свіней, а таксама халадзільнай камеры на 100 т мяса. Гэта дасць магчымасць размяшчаць на захоўванне больш сыравіны і, як следства, аб’ёмаў выпускаемай прадукцыі.

«Усе гэтыя новаўвядзенні неабходныя для паспяховага развіцця нашага прадпрыемства. Мы зможам пашырыць асартымент, асвоіць цалкам новыя цыклы вытворчасці прадукцыі, абмяняцца вопытам з іншымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі нашага профілю. А самае галоўнае – гэта дазволіць нам стварыць новыя працоўныя месцы», – адзначыла намеснік генеральнага дырэктара.

ЗАТ «Агракамбінат “Зара”» – шматпрофільная гаспадарка з замкнёным цыклам вытворчасці, перапрацоўкі і рэалізацыі гатовых прадуктаў харчавання. Спецыялізуецца на вытворчасці і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, мяса птушкі, буйной рагатай жывёлы, свінагадоўлі і вытворчасці кармоў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая