Не толькі летні, але і восеньскі дзень для хлебаробаў на вагу золата. З завяршэннем жніва сельгасезон тэмпы не губляе: верасень-кастрычнік – час уборкі караняплодаў. На Магілёўшчыне нарыхтоўка цукровых буракоў ужо блізкая да фінішу. Пад гэтую культуру, удакладніў першы намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кажамякін, аддадзена 7800 гектараў плошчаў. Цукровыя буракі паступова пашыраюць геаграфію за кошт новых раёнаў. 

У Кіраўскім раёне ў яе апрацоўцы назапасілі немалы вопыт. Галоўны спецыяліст райсельгасхарча Алена Пацэвіч расказала, што такі карняплод культывуе большасць гаспадарак раёна:

– Ураджайнасць у гэтым сезоне не расчаравала: у сярэднім 482 цэнтнеры з гектара.

Спецыялісты лічаць, што глеба ў Магілёўскай вобласці адна з самых прыдатных для цукровых буракоў. Тым не менш аграрыі кожны год падбіраюць для іх найлепшыя ўчасткі, а з восені рыхтуюць да будучага пасеву. Галоўны аграном КСУП «Ніва-Барсукі» Кіраўскага раёна Аляксей Семашкевіч не скрывае: буракі – культура патрабавальная і клопатная. Памылак не даруе:

– Тэхналогіі вырошчвання цукровых буракоў такія, што ў зоне ўвагі раслінаводаў яна ўвесь сезон. За лета тры-чатыры разы апрацоўваем ад пустазелля. Рэгулярна падкормліваем, у тым ліку мікраэлементамі.

Ручная праца пры гэтым практычна выключана. З матыкамі, як у савецкія часы, вяскоўцы на праполку або ўборку караняплодаў даўно не выходзяць: усе працэсы механізаваныя. Ураджайнасці буракоў ветэраны сельскай гаспадаркі таксама маглі б пазайздросціць. У «Ніве-Барсуках», напрыклад, у гэтым сезоне яна наблізілася да 500 цэнтнераў з гектара. Цукрыстасць, адзначыў аграном, таксама добрая. Але і якасная аснова: насеннем рэгулярна забяспечвае Слуцкі цукроварафінадны камбінат, куды гаспадарка адпраўляе салодкую сыравіну. У асноўным імпартныя гатункі, але ёсць і распрацоўкі беларускіх навукоўцаў, якія даюць добры вынік. У сярэднім кожны з карняплодаў важыць да кілаграма. Але, калі семечка ўпала на край поля, яму спаўна хапіла харчавання, вільгаці і сонца, памеры клубня могуць быць вартымі нават кнігі Гінеса. Аграрыі «Нівы-Барсукоў», напрыклад, вырашылі ўзважыць адзін з караняплодаў-гігантаў, што вырас у гэтым годзе. Выніку здзівіліся: стрэлка вагаў хіснулася да 5 кілаграмаў 350 грамаў!

Алена Пацэвіч не скрывае, што займацца вырошчваннем цукровых буракоў выгадна. Кіраўскі раён плануе пашыраць плошчы: у 2019-м – 1512 гектараў, а ў 2020-м пад іх аддадуць 1550 гектараў.

Задаволеныя ўраджаем буракоў і раслінаводы Магілёўскага раёна. ЗАТ «Сервалюкс Агра» ўвяло гэтую культуру ў сельгасабарот пазней за іншыя гаспадаркі – спачатку вырашыла прыгледзецца. Тры гады таму быў запушчаны першы «пробны шар»: засеялі 50 гектараў. Потым плошчу падвоілі. А сёлета буракі занялі ўжо 155 гектараў.

– Мы купілі сеялку, а астатнюю тэхніку бяром у арэнду ў Слуцкага цукрарафінаднага камбіната, куды адпраўляем прадукцыю, – падзяліўся інфармацыяй намеснік дырэктара «Сервалюкс Агра» па аддзяленні «Гуслішча» Аляксей Дземідзенка. – Плануем займацца гэтай культурай і ў будучым сезоне. Але з памерамі плошчаў пакуль не вызначыліся. Яны будуць залежаць ад таго, які попыт на цукровыя буракі будзе ў перапрацоўчага прадпрыемства.

 

Святлана Маркава, СБ