RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Акцыя «Нашы дзеці» дае магчымасць падзяліцца часцінкай свайго цяпла з іншымі – Вольга Петрашова

Акцыя «Нашы дзеці» дае магчымасць кожнаму з нас падзяліцца часцінкай свайго цяпла з іншымі. Такім меркаваннем з карэспандэнтам падзялілася намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Вольга Петрашова падчас віншавання маленькіх пацыентаў анкалагічнага (гематалагічнага) аддзялення Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы.

Дэпутаты прыехалі ў абласную дзіцячую бальніцу з падарункамі. Традыцыйна ініцыятарам святочнага мерапрыемства стала Вольга Петрашова.

«Сёння мы сабраліся з прадстаўнікамі абласнога і гарадскога Саветаў дэпутатаў, актывістамі маладзёжнага парламента і валанцёрамі шматпрофільнага цэнтра па працы з дзецьмі і моладдзю «Юнацтва», каб павіншаваць дзяцей, якія зараз праходзяць лячэнне ў гэтым аддзяленні. Вось ужо тры гады мы прыязджаем сюды ў межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», – расказала Вольга Петрашова. – Мы змаглі падарыць зарад бадзёрасці, радасныя эмоцыі дзецям, якія вельмі ў гэтым маюць патрэбу, і бацькам, якія разам з дзецьмі праходзяць не заўсёды лёгкі шлях выздараўлення. Гэта акцыя дае магчымасць кожнаму з нас не быць абыякавым, падзяліцца часцінкай свайго цяпла з іншымі».

Зараз у анкалагічным (гематалагічным) аддзяленні 18 дзяцей, якія атрымліваюць у асноўным хіміятэрапеўтычнае лячэнне. Для іх дэпутаты прывезлі салодкія падарункі і цацкі. Актывісты і валанцёры паказалі сапраўднае навагодняе шоу – з песнямі, танцамі і карагодамі. На свяце пабываў і галоўны навагодні чараўнік – Дзед Мароз. Ён павіншаваў дзяцей і іх бацькоў са святамі і пажадаў усім здароўя і цудаў у новым годзе.

Магіляўчанка Вольга Калупаева разам з чатырохгадовым сынам Віталём тут ужо 36 дзён. У хлопчыка – востры лейкоз. «Мы ўжо прайшлі лячэнне па першым пратаколе, зараз праходзім другі этап, – падзялілася мама. – Выдатна, што ў нас ёсць магчымасць стаць удзельнікамі такога ранішніка. Гэта свята дорыць станоўчыя эмоцыі не толькі дзецям, але і бацькам. Мы бачым, як нашы дзеці ўсміхаюцца і радуюцца гасцям, атмасферы, падарункам. І ад усяго гэтага становімся больш шчаслівымі і таксама загадваем сваё самае запаветнае жаданне – каб усе дзеткі былі здаровыя».

Вольга Калупаева – мама шасцярых дзяцей. Віталік – пятае дзіця. «Вельмі хочацца, каб лячэнне нам дапамагло. Ёсць невялікая стомленасць, лячэнне даецца нам цяжка, але мы не здаёмся, – адзначыла жанчына. – Дзеці – яны ў першую чаргу дзеці. Нават у бальніцы ім хочацца свята, увагі. І сённяшняе свята дадало яркіх фарбаў у нашы будні. Вельмі хочацца сказаць вялікі дзякуй арганізатарам, бо станоўчыя эмоцыі нашых дзяцей – адна з неабходных умоў выздараўлення».

Як сказаў галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці савета рэспублікі Ігар Каско, такія навагоднія ранішнікі – добрая і важная традыцыя. «Дабрачынная рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці» – гэта заўсёды радасць і свята. Гэта навагодняя ёлка, падарункі і Дзед Мароз. Усё гэта вельмі неабходна нашым пацыентам, таму што яны атрымліваюць шмат станоўчых эмоцый, якія патрэбныя для выздараўлення, – падкрэсліў ён. – Рэспубліканская акцыя праходзіць у нашай краіне ўжо больш за 20 гадоў. Яна застаецца запатрабаванай, таму што дзеці – гэта наша будучыня. І мы павінны зрабіць усё, каб яны былі здаровымі і шчаслівымі».

Як адзначыў Ігар Каско, праз эпідэміялагічную абстаноўку ў бальніцы ў гэтым годзе не будзе вялікага ранішніка. «Агульнабальнічную ёлку з вялікай колькасцю акцёраў у гэтым годзе прыйшлося адмяніць. Але гэта не значыць, што мы пакінем дзяцей без віншаванняў. Лакальна, у кожнае аддзяленне і палату зазірнуць Дзед Мароз і Снягурка. Гэта дазволіць засцерагчы нашых пацыентаў і ў той жа час падарыць ім свята», – адзначыў галоўны ўрач.

«Наша сённяшняя акцыя дазволіла не толькі павіншаваць дзяцей са святамі, але і падзякаваць урачам за іх самаадданую працу. У іх руках знаходзіцца самае дарагое, што ёсць у дарослых, – гэта жыццё і здароўе нашых дзяцей. І дзякуючы прафесіяналізму нашых дактароў, іх уважліваму падыходу ў нашых дзяцей ёсць магчымасць перамагчы хваробу і вярнуцца дадому, – падкрэсліла Вольга Петрашова. – Напярэдадні святаў хочацца пажадаць дзеткам і іх сем’ям, урачам і медыцынскім работнікам здароўя, дабра і дабрабыту».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая