RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Агароднікаў: сёння без лічбавізацыі не працуе ніводная вытворчасць

Такім меркаваннем падзяліўся на рэгіянальным форуме #GBCregions (Дзяржава. Бізнес. Грамадзяне – рэгіёны) у Магілёве намеснік міністра прамысловасці Рэспублікі Беларусь Аляксандр Агароднікаў.

«Так, можа маленькія прадпрыемствы менш адчуваюць на сабе гэтыя павевы. Але на вялікай вытворчасці без лічбавання ўсіх бізнес-працэсаў, пачынаючы з распрацоўкі канструктарскай дакументацыі і суправаджэння да гатовага вырабу, атрымання тых жа матэрыялаў, вядзення бухгалтэрыі, уліку кадраў, абысціся немагчыма. Можа быць, у кожнага прадпрыемства сёння свой шлях і свой узровень. Аднак неабходна разумець, што інтэрнэт рэчаў – гэта дадзенасць, з якой трэба працаваць. І калі яшчэ 10–15 гадоў таму хтосьці задаваў пытанне, для чаго на прадпрыемстве сістэма менеджменту якасці, то сёння пра гэта ўжо ніхто не пытаецца. Таму я ўпэўнены, што гэтыя працэсы, якія сёння ідуць, неўзабаве прыжывуцца і будуць развівацца далей.

Ад чаго і да чаго мы ідзём, калі растлумачыць на простым прыкладзе, то дастаткова ўспомніць канструктара, які чарціў на кульмане. Колькі часу сыходзіла на распрацоўку нават простага вузла? Сёння ж аўтаматызаваныя комплексы дазваляюць з наяўнай базы даных выбіраць гатовыя рашэнні і адаптаваць іх пад узніклую задачу.

Пераход на «лічбу» для прамысловых прадпрыемстваў – дарагое задавальненне. Бо бізнес-працэсы пастаянна будуць ўдасканальвацца. І адна справа – стварыць сістэму, другая – падтрымліваць і развіваць. Бо вытворчасць нібы жывы арганізм. Аднак укладваючы сродкі сёння, у далейшым можна атрымаць вялікую аддачу.

Са свайго боку мы спрабуем акуратным кіраваннем зрабіць так, каб кожны, развіваючы сваю сістэму ў камфортным яму рэжыме, але пэўным чынам быў інтэграваны з Міністэрствам прамысловасці. Таму што звычайны статыстычны збор даных сёння нікога не цікавіць, усіх цікавіць апрацоўка даных, прагноз, пабудова з наяўнай базы даных пэўнай аналітыкі, якая дапамагае кіраўніку прымаць рашэнні».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая