RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Дакумент, які раней быў прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі, зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў, што сведчыць аб яго падпісанні кіраўніком дзяржавы.

Дакумент уносіць змяненні ў законы, якія рэгулююць дзейнасць органаў унутраных спраў і шэрага іншых праваахоўных органаў і ваенізаваных арганізацый. У іх вызначаецца, што дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай у той меры, у якой гэта не супярэчыць патрабаванням крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, заканадаўства, што вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу, заканадаўства аб аператыўна-вышуковай дзейнасці.

Таксама канкрэтызуюцца падставы для правядзення асабістага надгляду грамадзян, надгляду рэчаў, якія знаходзяцца пры іх, транспартных сродкаў. Напрыклад, становіцца магчымым правядзенне такога надгляду пры затрыманні.

Новым законам удакладняюцца ўмовы і межы прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі. Прадугледжваецца, што супрацоўнікі праваахоўных органаў не нясуць адказнасці за шкоду, прычыненую ў выніку іх прымянення, калі такое прымяненне ажыццяўлялася ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўчых актаў, якія рэгулююць дзейнасць гэтых органаў. Акрамя таго, органы ўнутраных спраў надзяляюцца правам прымяняць баявую і спецыяльную тэхніку пры спыненнi масавых беспарадкаў.

Супрацоўнікам органаў унутраных спраў прадастаўляецца права забараняць грамадзянам ажыццяўленне відэазапісу, кіна- і фотаздымкі для правядзення працэсуальных дзеянняў, забеспячэння грамадскага парадку, асабістай і грамадскай бяспекі; весці гука- і відэазапіс навакольнай абстаноўкі, у тым ліку грамадзян, пры выкананні службовых абавязкаў.

Асноўныя палажэнні закона ўступаюць у сілу праз месяц пасля яго афіцыйнага апублікавання.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая