RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Лукашэнка: работа па падрыхтоўцы змяненняў Канстытуцыі выйшла на фінішную прамую

Работа па падрыхтоўцы змяненняў Канстытуцыі выйшла на фінішную прамую. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сумесным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі.

«Я лічу, што сёння можна канстатаваць той факт, што работа па падрыхтоўцы змяненняў Канстытуцыі выйшла на фінішную прамую. І я гэта асабліва хачу падкрэсліць», - адзначыў кіраўнік дзяржавы, адкрываючы пасяджэнне.

Ён нагадаў, што над праектам Асноўнага закона працавалі Канстытуцыйная камісія і спецыяльна створаная рабочая група, у склад якіх увайшлі аўтарытэтныя эксперты, прафесіяналы ў розных галінах дзейнасці і проста талковыя вопытныя людзі. «Зроблена нямала», - адзначыў Прэзідэнт.

Працуючы над падрыхтоўкай новага праекта Канстытуцыі, Канстытуцыйная камісія спачатку ўнесла напрацаваныя прапановы, акумуляваўшы таксама шматлікія ініцыятывы грамадзян. Гэты варыянт узяла за аснову рабочая група, якая сканцэнтравала сваю дзейнасць на шэрагу нявырашаных прынцыповых пытанняў і паспрабавала сфармуляваць тое, што не атрымалася ў Канстытуцыйнай камісіі. «У выніку ўдалося выпрацаваць важнейшыя канстытуцыйныя нормы, - канстатаваў беларускі лідар. - Замацаваны статус Усебеларускага народнага сходу, пераразмеркаваны паўнамоцтвы паміж органамі дзяржаўнай улады, гарантавана стабільнасць дзяржаўнага апарату, як здаецца рабочай групе. Сфармуляваны пераходныя палажэнні. Не думаю, што яны канчатковыя, над імі трэба будзе яшчэ папрацаваць, прытым, магчыма, і кардынальна».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што дзейнасць рабочай групы не падводзіць рысу пад работай над Канстытуцыяй: «Сённяшняе мерапрыемства - чарговае ў распрацоўцы змяненняў, і я прасіў бы вас вельмі ўважліва падысці да таго праекта, які ёсць сёння, - сказаў ён. - Вам усё роўна давядзецца гэта абдумаць і прыняць канчатковае рашэнне перад прадстаўленнем гэтага праекта Прэзідэнту».

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў час работы над праектам Канстытуцыі меркаванні камісіі і рабочай групы не ва ўсім супадалі. «Лічу, што гэта абсалютна нармальна, - сказаў ён. - Як гаварылі старажытныя мысліцелі, у спрэчках нараджаецца ісціна. І таму прапановы Канстытуцыйнай камісіі атрымалі сваё развіццё пасля адпаведнай дапрацоўкі».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некалькі разоў сустракаўся з рабочай групай: «Я гэта рабіў таму, што трэба было абмеркаваць адчувальныя пытанні. Паколькі вынікі нашай работы вызначаць, якой будзе наша краіна ў будучым».

«Самыя галоўныя змяненні Асноўнага закона накіраваны на значнае ўмацаванне інстытута народаўладдзя, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Менавіта ў гэтых мэтах і задумвалася канстытуцыйнае замацаванне статусу УНС. Надзяленне яго стратэгічна важнымі для стабільнасці краіны паўнамоцтвамі. Як як не раз гаварыў, УНС - гэта наша веча. Лічу, што гэты інстытут народаўладдзя адпавядае векавому нацыянальнаму ўкладу жыцця беларусаў».

Паводле слоў Прэзідэнта, у бліжэйшы час падрыхтаваны праект Асноўнага закона будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаванне. На гэтым этапе кожны грамадзянін зможа стаць удзельнікам канстытуцыйнага працэсу. «Думаю, што членам Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы трэба данесці да насельніцтва значэнне прапанаваных дзяржаўных навацый», - сказаў ён.

Паводле яго слоў, праведзеныя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што 50-60 працэнтаў насельніцтва гатовы прыйсці на рэферэндум і падтрымаць праект Канстытуцыі. «Але калі мы добра папрацуем, апублікуем праект Канстытуцыі, раскажам людзям аб навацыях, яшчэ раз растлумачым, навошта мы прымаем гэту Канстытуцыю, я ўпэўнены: людзі нас падтрымаюць, як гэта было на пераломе ў сярэдзіне 1990-х», - выказаў упэўненасць Аляксандр Лукашэнка.

«Таму я вас папрасіў бы сустракацца з людзьмі - у працоўных калектывах, па месцы жыхарства, у грамадскіх аб'яднаннях. Трэба актыўна выступаць у сродках масавай інфармацыі, расказваць аб Канстытуцыі. Адным словам, праяўляйце ініцыятыву», - сарыентаваў удзельнікаў мерапрыемства беларускі лідар.

«На рэферэндум грамадзяне павінны прыйсці з дакладным разуменнем сутнасці ўсіх новаўвядзенняў і неабходнасці іх прыняцця», - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая