Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Cтаравойтаў: «Жыхарам рэгіёнаў, вёскі стала бліжэй высокатэхналагічная дапамога»

Рамонт клінік і сямі раённых бальніц, машыны хуткай дапамогі не старэйшыя за пяць гадоў, перасовачныя комплексы, закупка сучаснага абсталявання — у вобласці планамерна перафарматуюць трохузроўневую сістэму аказання медыцынскай дапамогі

За апошнія гады Магілёўшчына стала сапраўдным ньюсмейкерам: у рэгіёне рэгулярна ўводзяцца ў строй корпусы медустаноў. Амаль завяршыўшы абнаўленне клінік абласнога ўзроўню і фарміраванне міжраённых цэнтраў, у рэгіёне прыступілі да наступнага этапу - мадэрнізацыі цэнтральных раённых бальніц. Толькі сёлета ў графіцы старт і працяг рамонту сямі ЦРБ. Выдаткі самавітыя, але і аддача будзе адпаведная.

Аб развіцці медыцыны ў рэгіёне, новым абліччы ЦРБ і ўстаноў аховы здароўя ў вёсцы «СД» паразмаўляла з начальнікам галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандрам Старавойтавым.

Дарожныя карты для кожнага пацыента

- Аляксандр Генадзевіч, у рэгіёне надаецца вялікая ўвага мадэрнізацыі цэнтральных клінік. Зусім нядаўна ў Магілёве адкрыўся радыелагічны корпус абласнога анкадыспансера і інфекцыйны корпус Магілёўскай бальніцы № 1. Якія яшчэ знакавыя праекты плануецца рэалізаваць у бліжэйшы час?

- Адкрыццё гэтых двух аб'ектаў лічу значнай падзеяй мінулага года як для сістэмы аховы здароўя рэгіёну, так і для ўсіх жыхароў Магілёўскай вобласці. Але хачу нагадаць, што гэтыя будоўлі - працяг працы, якая вядзецца ўжо некалькі гадоў. Раней, напрыклад, былі ўведзены новыя карпусы Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы, карпусы анкадыспансера і іншыя аб'екты, на базе якіх канцэнтруецца высокатэхналагічная медыцынская дапамога для насельніцтва ўсяго рэгіёну.

Гэтая праца — звёны аднаго ланцуга, ён яшчэ не завершаны і працягваецца. Адной са знакавых падзей бягучага года, напрыклад, будзе ўвод корпуса кардыяцэрэбраваскулярнай паталогіі Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Адна з вядучых апорных клінік возьме на сябе значны аб'ём профільнай паталогіі. У мінулым годзе пачата будаўніцтва рэабілітацыйнага корпуса абласной дзіцячай бальніцы, што дасць магчымасць сканцэнтраваць у адным месцы ўсе віды медыцынскай дапамогі для маленькіх пацыентаў.

Высокатэхналагічная дапамога становіцца бліжэй жыхарам рэгіёнаў: фарміруюцца міжраённыя цэнтры — кардыялагічнага і неўралагічнага профіляў на базе Крычава і Бабруйска. У гэтых гарадах будуюцца аб'екты, дзе дапамогу змогуць атрымліваць пацыенты найбліжэйшых раёнаў.

- Рамантуюцца цэнтральныя раённыя бальніцы. Сярод іх ЦРБ у Хоцімску, Чэрыкаве, Клімавічах, Быхаве, Крычаве, Краснаполлі, Шклоўская ЦРБ ужо здадзена. Якія падыходы прымяняюцца ў іх мадэрнізацыі?

- Планамерна працуем для стварэння трохузроўневай сістэмы аказання меддапамогі. Пачалі з абласнога ўзроўню і фарміравання міжраённых цэнтраў. Наступны этап - мадэрнізацыя цэнтральных раённых бальніц. Ужо адрамантавалі ЦРБ у Асіповічах, Горках і Дрыбіне, Слаўгарадзе, часткова ў Глуску і Бялынічах, Круглым, у Кіраўску і Мсціславе зроблены паліклінікі. У 2023 годзе рамонты пачаліся ў сямі раённых установах аховы здароўя, і першай з завершаных аб'ектаў стала Шклоўская ЦРБ.

З моманту іх будаўніцтва змяніліся падыходы ў аказанні медыцынскай дапамогі, а таксама мэты і задачы, якія стаяць перад установамі ў сучасных рэаліях. Разумеючы гэта, мы стварылі пастаянна дзейную камісію: яна складаецца як з уласных супрацоўнікаў, так і з кіраўнікоў абласных устаноў. Пасля рашэння аб правядзенні рамонту члены камісіі вывучаюць усе рэсурсы бальніцы і распрацоўваюць канцэпцыю арганізацыі аказання меддапамогі жыхарам рэгіёну. Гэта работа дае магчымасць правесці аптымізацыю без урону якасці аказання медыцынскай дапамогі, а сродкі, якія вызваліліся, накіраваць на ўмацаванне матэрыяльна‑тэхнічнай базы.

Раней лічылася, што чым больш ложкаў, тым лепш бальніца. Але гэта ўжо не так. Можна мець і 200 ложкаў, але які ў гэтым сэнс, калі гаворым пра малалікі раён? Сёння ў палатах не павінна ляжаць па дзесяць чалавек, у ідэале - два-тры, неабходныя санвузлы. Таму скарачаем колькасць ложкавага фонду пад патрэбы раёна з улікам таго, што частка пацыентаў ідзе лячыцца ў міжраённыя цэнтры і абласныя ўстановы. І аднамаментна забяспечваем бальніцы тым абсталяваннем, якога не хапае. У 2024 годзе таксама плануем распачаць рамонт Чавускай і Клімавіцкай ЦРБ з аналагічнымі падыходамі.

- У рэгіёне фарматуецца трохузроўневая сістэма аказання медыцынскай дапамогі, пра што вы казалі вышэй. Гэта дазволіць пашырыць дыягнастычныя магчымасці, сканцэнтраваць фінансавыя і кадравыя рэсурсы на міжраённым і абласным узроўнях. Можам сказаць, што тым самым забяспечваецца роўная даступнасць медыцыны для жыхароў вёскі і гарады?

- Гэта адна з асноўных мэт усёй работы па арганізацыі медыцынскай дапамогі - роўныя ўмовы атрымання якасных медыцынскіх паслуг для кожнага жыхара вобласці. Высокатэхналагічныя і дарагія віды дапамогі канцэнтруюцца на базе абласных клінік, дзе ёсць рэсурсы і падрыхтаваныя кадры. Аднак магчымасць атрымаць такую меддапамогу мае кожны жыхар вобласці.

Супрацоўнікам цэнтральных раённых бальніц, а гэта першы ўзровень сістэмы, трэба толькі своечасова выявіць захворванне, правільна ўстанавіць дыягназ і накіраваць пацыента ў профільны стацыянар. Сёння галоўная задача ў тым, каб у раёнах была стопрацэнтная дыягностыка. А гэта роўна тэхнічныя сродкі. Таму закупляем абсталяванне для ЦРБ, распрацаваны маршруты руху пацыентаў пры выяўленні ў іх захворванняў, якія патрабуюць аказання дапамогі на абласным узроўні, - так званыя дарожныя карты. Безумоўна, ёсць і вострыя станы, такія як інфаркт ці інсульт, пры якіх эфектыўнасць высокатэхналагічных метадаў лячэння напрамую залежыць ад часу. Гэтае пытанне для аддаленых рэгіёнаў вырашаецца дзякуючы працы міжраённых цэнтраў у Крычаве і Бабруйску.

Матэрыяльнае забеспячэнне плюс добразычлівае стаўленне

- Беспрэцэдэнтныя рэсурсы - больш за 10 мільёнаў долараў - накіраваны летась на медыцынскае абсталяванне. Гэты год не стане выключэннем. Як абновіцца лячэбна-дыягнастычная база ў раёнах?

— Сродкі выдзелены сапраўды каласальныя, яны дазволілі закупіць медабсталяванне для арганізацый аховы здароўя, размешчаных у сельскай мясцовасці, службы хуткай медыцынскай дапамогі і рэанімацыйна-анестэзіялагічных аддзяленняў, даўкамплектаваць эндаскапічным абсталяваннем, мыйна-дэзінфекцыйнымі машынамі і шафамі для захоўвання эндаскопаў.

У гэтым годзе работа будзе прадоўжана. Зразумела, што дарагое абсталяванне - ангіёграфы, кампутарныя тамографы - усюды не паставіш. Ды і няма ў гэтым мэтазгоднасці. Да прыкладу, МРТ - дарагі апарат, але расходнікі за год перавышаюць яго кошт. І справа нават не ў кошце. Перш трэба падрыхтаваць спецыяліста, які будзе на ім працаваць, гэта працяглы працэс. А калі ў месяц будзе пяць даследаванняў, адкуль лекару набірацца досведу? Таму такое абсталяванне папаўняе міжраённыя і абласныя цэнтры. Сёлета маюць намер абнавіць дэзінфекцыйна-стэрылізацыйнае і дыягнастычнае абсталяванне, атрымліваем восем мамографаў, чатыры рэнтген-апараты. Плануем устанавіць апараты камп'ютарнай тамаграфіі ў Шклоўскай і Касцюковіцкай цэнтральных раённых бальніцах.

— Дадаткова да закупленых летась 95 адзінак аўтатранспарту ў бягучым будуць набыты 27 аўтамабіляў меддапамогі і 49 — хуткай дапамогі, тры мабільныя перасовачныя комплексы. Як паказаў сябе першы перасовачны комплекс у Быхаўскім раёне і як спросціць работу абноўлены парк?

- Своечасовае аказанне меддапамогі практычна немагчыма забяспечыць, не маючы транспарту. У 2023 годзе купілі 45 аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі і 50 машын медыцынскай дапамогі. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак для галіны аховы здароўя вобласці, які дазволіў закрыць усе праблемы ў гэтым напрамку. Чакаем яшчэ 49 аўтамабіляў. Такім чынам, у аўтапарку будуць машыны не старэйшыя за пяць гадоў.

У мінулым годзе ў рэгіёне сталі выкарыстоўваць перасовачныя медыцынскія комплексы. Раёнам‑першаадкрывальнікам стаў Быхаў, дзе існуе разгалінаваная сетка сельскай аховы здароўя. Па сваёй сутнасці комплекс можна назваць перасоўным фельчарска-акушэрскім пунктам, які працуе па дакладным графіку, загадзя ўзгодненым з выканкамамі і даведзеным да вяскоўцаў. Прыемным бонусам для жыхароў стаў забор неабходных аналізаў для правядзення дыспансерных аглядаў і продаж лекаў. За мінулы год выканана каля 6 тысяч аглядаў, па выніках якіх выяўлена каля 500 выпадкаў захворвання. Лекавых сродкаў рэалізавана на суму больш за 22 тысячы рублёў.

Станоўчыя водгукі аб рабоце перасовачнага медыцынскага комплексу ў Быхаўскім раёне дазволілі прадоўжыць работу па распаўсюджванню гэтага вопыту на іншыя раёны. Набыты тры такія комплексы для Клімавіцкага, Мсціслаўскага і Клічаўскага раёнаў.

- Магілёўская вобласць у поўным аб'ёме выканала даручэнні Прэзідэнта па мадэрнізацыі ўсіх тыпаў устаноў, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў вёсцы. ФАП у Ермаловічах Бялыніцкага раёна стаў знакавым - ім завяршыўся працэс пераездаў, перасяленняў і рамонтаў такіх устаноў.

- Сапраўды, у мінулым годзе асаблівую ўвагу надалі арганізацыі меддапамогі сельскім жыхарам. Умовы, абсталяванне працоўных месцаў абсталяваннем і наяўнасць навыкаў у персанала – тры неад'емныя аспекты, без якіх немагчыма арганізаваць якасную медыцынскую дапамогу і адпавядаць сучасным стандартам. Таму сумесна з прадстаўнікамі санітарна-эпідэміялагічнай службы правялі маніторынг усіх сельскіх устаноў аховы здароўя. Выяўленыя недахопы сістэматызавалі і падрыхтавалі план па іх устраненню.

Так, адрамантавалі ўсе ўстановы аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў вёсцы: 240 ФАПаў і 92 амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, а таксама 19 бальніц сястрынскага догляду.

Для ўстаноў, якія патрабавалі значных укладанняў, знойдзены новыя памяшканні. Напрыклад, ФАП у бялыніцкіх Ермаловічах адкрылі на свабодных плошчах магазіна райспажыўтаварыства, так адбылося і ў Клічаве, дзе размясцілі ФАП у будынку лясніцтва. Ніводны з аб'ектаў мы не закрылі.

- Каб лекар замацаваўся ў райцэнтры, першае, што трэба, - годнае жыллё. Як у раёнах вырашаецца гэтая праблема?

- Рашэнне жыллёва-бытавых праблем - сапраўды важны складнік замацавання любога спецыяліста. Медыцынскі працаўнік тут не выключэнне. Калі ў чалавека ёсць месца, дзе ён можа адпачыць, стварыць сям'ю, тады і праца дае задавальненне. У раёнах гэта пытанне вырашаецца, усім маладым спецыялістам прапануецца жыллё, у тым ліку выдзяляецца арэнднае жыллё, ёсць чарга для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Штогод праводзім з маладымі спецыялістамі сустрэчы, на якіх абмяркоўваюцца гэтыя пытанні, і аператыўна вырашаем іх у выпадку ўзнікнення.

- З боку дзяржавы робіцца ўсё: сродкі на медыцыну - рамонт, абсталяванне, зарплаты, лекі - выдзяляюцца каласальныя. І вядома, людзі маюць права бачыць аддачу. Што ў гэтым ключы патрабуецца ад медработнікаў?

- Прафесія лекара вельмі адказная, бо ў яго руках самае дарагое, што ёсць у кожнага чалавека, - жыццё і здароўе. Таму абавязковае патрабаванне - пастаяннае імкненне да ведаў і ўдасканаленне прафесійных навыкаў. Звяртаючыся да медыцынскага работніка, пацыент хоча бачыць асабістую зацікаўленасць спецыяліста ў станоўчым зыходзе ад лячэння. Як паказвае жыццё, часам добразычлівыя, прафесійныя адносіны да людзей, якія звярнуліся па дапамогу або параду, больш каштоўныя за любое матэрыяльна‑тэхнічнае абсталяванне.

  СБфота Галіны Гаўрыловіч