RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Старавойтаў пра вакцынацыю дзяцей ад COVID-19: гэта дазволіць пазбегнуць далейшага распаўсюджвання кавіду

Вакцынацыя дзяцей ад COVID-19 пачалася ў Магілёўскай вобласці, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Старавойтаў.

Прышчэпку падлеткам 12–17 гадоў робяць з пісьмовай заявы бацькоў або іх добраахвотнай інфармаванай згоды. Інактываваны кітайскі прэпарат, якім уласна вакцынуюць дзяцей, як і дарослым, уводзяць двухразова з трохтыднёвым перапынкам.

Калі сярод дарослага насельніцтва ў рэгіёне мы прышчапілі больш за 52%, то дзяцей толькі пачалі вакцынаваць. І ўсім рэкамендую не ігнараваць гэту магчымасць, таму што дзеці, хоць часцей і хварэюць лёгка, тым не менш з’яўляюцца пераносчыкамі інфекцыі, якую прыносяць дадому сваім бацькам, бабулям і дзядулям, – падкрэслівае Аляксандр Генадзевіч. – Адсюль ідзе такая несціхальная хваля каранавіруса ў вобласці, рэспубліцы, свеце. Прэвентыўныя меры дазволяць пазбегнуць далейшага распаўсюджвання кавіду, будуць дабром не толькі для дзяцей, але і дарослых.

Варта прызнаць, што попыт пакуль невялікі.

– Многія адносяцца да прышчэпак з крайняй асцярожнасцю, не маючы на гэта якіх-небудзь аб’ектыўных падстаў, – кажа Аляксандр Старавойтаў. – Колькі ні пытаўся ў бацькоў, у чым прычына нежадання вакцынавацца самім і зрабіць прышчэпку дзіцяці, выразных адказаў я яшчэ ні разу не атрымаў. Толькі розныя фантазіі, якія ў асноўным чэрпаюцца на прасторах інтэрнэту. Трэба разумець, што цяперашняя хваля аказвае большы ўплыў на дзяцей. Калі раней яны пераносілі падступны вірус лёгка і бессімптомна, то цяпер маюць месца вельмі цяжкія выпадкі. Напрыклад, нядаўна, каб выратаваць двухмесячную дзяўчынку з вельмі цяжкай пнеўманіяй, адвозілі яе ў рэспубліканскі цэнтр. З пачатку года толькі праз стацыянар Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы з каранавірусам прайшло 585 дзяцей. Менавіта таму ўзялі курс на вакцынацыю.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая