RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Амаль Br130,7 тыс. сабралі ў Магілёўскай вобласці падчас тэлемарафона «Сагрэем дзіцячыя сэрцы»

Амаль Br130,7 тыс. сабралі ў Магілёўскай вобласці ў час дабрачыннага тэлемарафона «Сагрэем дзіцячыя сэрцы», які 15 снежня праходзіў у прамым эфіры тэлеканала «Беларусь 4 Магілёў». Пра гэта расказала дырэктар Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Ірына Фісюк.

«За шэсць гадзін прамога эфіру мы сабралі амаль Br130,7 тыс., і для нас гэта стала прыемнай нечаканасцю, таму што сума пабіла леташні рэкорд Br91 тыс., - адзначыла Ірына Фісюк. - У гэтым годзе мы як ніколі адчулі, што межы нашай дабрачыннай ініцыятывы пашыраюцца, яна становіцца больш маштабнай і прыцягвае ўсё больш людзей: жадаючыя дапамагчы тэлефанавалі і пісалі яшчэ задоўга да пачатку самога тэлемарафона. Таму з упэўненасцю магу сказаць, што сам марафон стаў доўгачаканай падзеяй, а радасць ад удзелу ў ёй атрымалі не толькі тыя, хто мае патрэбу ў дапамозе, але і тыя, хто быў гатовы яе аказаць».

Тэлемарафон стартаваў у першы дзень правядзення рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» і адкрыў праграму святочных мерапрыемстваў у Магілёўскай вобласці. Яго правядзенне стала добрай пераднавагодняй традыцыяй. На працягу шасці гадзін эфіру з падарункамі і віншаваннямі ў тэлестудыі пабывалі больш за сотню гасцей - прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, выканаўчай улады, грамадскіх і дабрачынных аб'яднанняў, прадпрымальнікі. Кожны з іх зрабіў свой уклад у агульную справу. Сабраныя за час марафону грошы пойдуць на набыццё неабходных рэчаў, а таксама медыцынскага і рэабілітацыйнага абсталявання для дзяцей-інвалідаў, цяжкахворых і тых, хто аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Па словах Ірыны Фісюк, такія важныя і патрэбныя праекты нікога не пакідаюць абыякавым, тым больш навагоднія і калядныя святы - час цудаў і добрых спраў. Яшчэ адзін сакрэт поспеху тэлемарафона - адрасная дапамога, калі гісторыі дзяцей і іх сем'яў расказваюцца шырокаму колу гледачоў, а спонсары набываюць менавіта тое, што патрэбна канкрэтнаму дзіцяці ў залежнасці ад яго захворвання. Таму арганізатары і ўдзельнікі праекта ставяць перад сабой мэту не проста пералічыць грошы на дабрачыннасць, а зрабіць уклад у тое, каб жыццё канкрэтнага маленькага чалавека стала больш простым і камфортным.

Арганізатарамі тэлемарафона выступілі абласное аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду і тэлерадыёкампанія «Магілёў», мерапрыемства прайшло пры падтрымцы Магілёўскага аблвыканкама.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая