RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка анансаваў правядзенне ў Магілёве форуму па імпартазамяшчэнні «Зроблена ў Расіі»

Міжнародны форум па імпартазамяшчэнні «Зроблена ў Расіі» пройдзе 25-27 кастрычніка ў Магілёве. Маштабную эканамічную падзею анансаваў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка падчас візіту дэлегацыі рэгіёну ў Хабараўскі край.

Рабочы візіт праходзіць з 7 па 10 верасня. Яго праграма прадугледжвае пасяджэнні рабочых груп па супрацоўніцтве і ўрачыстыя прыёмы, наведванне прадпрыемстваў, а таксама ўдзел у выставе-кірмашы беларускіх вытворцаў і V Далёкаўсходнім форуме прадпрымальнікаў. Другі дзень знаходжання дэлегацыі Магілёўскай вобласці ў Расіі адкрыла дзелавая сустрэча з удзелам губернатара Хабараўскага края Міхаіла Дзегцярова, прадстаўнікоў Міністэрства прамысловасці і Мінсельгасхарча Беларусі, а таксама кіраўнікоў вядучых айчынных прадпрыемстваў.

«У Хабараўскі край прыбыла шматлікая беларуская дэлегацыя, што падкрэслівае вялікую цікавасць да гэтага расійскага рэгіёну з боку прадпрыемстваў і бізнес-колаў нашай краіны, - адзначыў Анатоль Ісачэнка. - Дзякуючы дасягнутым раней дамоўленасцям па супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Хабараўскім краем назіраецца рост узаемнага тавараабароту, які па выніках 2022 года павялічыўся ў 2,3 разы».

Бакі абмеркавалі шырокі пералік пытанняў, у тым ліку падвялі вынікі за паўгоддзе па рэалізацыі дамоўленасцей у гандлёва-эканамічным, інвестыцыйным і бізнес-супрацоўніцтве. Таксама была разгледжана сумесная работа ў сферы прамысловасці і паставак беларускай тэхнікі, абмяркоўвалася тэма сельскай гаспадаркі і міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння Хабараўска і Магілёва. Не засталіся ўбаку такія важныя напрамкі, як турызм, адукацыя і маральна-патрыятычнае выхаванне моладзі.

На сустрэчы прагучала ініцыятыва стварэння ў Хабараўскім краі адзінага сервіснага цэнтра па абслугоўванні беларускай тэхнікі. У першую чаргу гэта дасць магчымасць пакупнікам своечасова праходзіць якаснае тэхабслугоўванне, а таксама забяспечыць наяўнасць і бесперабойную пастаўку неабходных запчастак і дэталей. Паводле слоў Анатоля Ісачэнкі, пытанне стварэння цэнтра патрабуе асобнай прапрацоўкі, бо для ўвасаблення ідэі ў жыццё трэба скаардынаваць работу некалькіх айчынных вытворцаў, уніфікаваць падыходы да абслугоўвання гэтых агрэгатаў і, што немалаважна, вызначыцца з партнёрам з боку Расіі.

На заканчэнне сустрэчы Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што ў нашых краін шмат напрамкаў для супрацоўніцтва і далейшага развіцця. «Усе пытанні і ініцыятывы, якія прагучалі падчас сённяшняй сустрэчы, мы ў поўнай меры абмяркуем 25 кастрычніка ў Магілёве, дзе пройдзе міжнародны форум па імпартазамяшчэнні «Зроблена ў Расіі», - падкрэсліў губернатар. - На пляцоўцы нашага абласнога цэнтра збяруцца прадстаўнікі бізнес-колаў з рэгіёнаў-партнёраў Расіі, а таксама кіраўнікі буйных беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку МА3а, БелАЗа, Мінскага трактарнага завода, ААТ «Белшына», ААТ «Магілёўліфтмаш». Далучыцца да форуму і малы бізнес з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Дарэчы, праект падтрыманы пасольствам Расіі ў Беларусі».

Са свайго боку Міхаіл Дзегцяроў звярнуў увагу, што гандаль паміж Беларуссю і Хабараўскім краем падвоіўся ў абсалютных лічбах. Гэта адбылося пасля падпісання ў маі мінулага года пагаднення аб узаемадзеянні і супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльнай і культурнай сферах. «Нашы прадпрымальнікі пастаўляюць прадукцыю ў Беларусь, а беларускія - да нас, - адзначыў ён. - Аднак самая ключавая і чаканая падзея - стварэнне ў нас сэрвіснага дылерскага цэнтра па абслугоўванні ўсіх брэндаў беларускага машынабудавання. Важна і тое, што беларуска-расійскае супрацоўніцтва пашыраецца не толькі ў эканоміцы. Мы працягваем рэалізацыю сумесных праектаў у сацыяльнай сферы, маладзёжнай палітыцы, турызме».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая