RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: дзеці вераць у казку, дабрыню і чакаюць цуда

Больш за 600 таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак з усяго рэгіёна сабрала абласная навагодняя ёлка з удзелам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. У Палацы культуры вобласці яркае свята чакала сёння ўдзельнікаў традыцыйнай навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», якая праходзіць па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Дзеці атрымалі запрашэнні на ўрачыстасць, як выдатнікі вучобы, пераможцы абласных, рэспубліканскіх, міжнародных фестываляў і конкурсаў, прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця.

«Гэта нашы дзеці, і мы павінны рабіць усё для таго, каб ім жылося камфортна і добра, каб яны адчувалі клопат. Бо калі яны вырастаюць, яны пачынаюць гэтак жа клапаціцца аб старэйшым пакаленні, аб сваіх дзецях. Таму проста выдатна, што ў Беларусі праводзіцца такая акцыя, – адзначыў Анатоль Ісачанка. – Дзеці вераць у казку, у дабрыню, чакаюць цуда, радуюцца сустрэчам і увазе. Сярод запрошаных сёння ёсць дзеці, якія, нягледзячы на юны ўзрост, ужо ўдастоены розных узнагарод за дасягненні ў вучобе і спорце – гэта наш гонар і наша будучыня. І я віншую кожнага з іх з надыходзячымі святамі і жадаю веры ў навагодняе цуда!»

Таксама кіраўнік рэгіёна падзяліўся, што, наведваючы такія святы, дарослыя ўспамінаюць сваё дзяцінства: «Як і ва ўсіх дзяцей, Новы год у мяне асацыяваўся з падарункамі, ёлкай, марозам, мандарынамі, цацкамі, магчымасцю пазней адправіцца спаць... Любая сустрэча з дзецьмі – гэта пазітыў. Зараджае іх энергіяй, непасрэднасцю, іх асаблівым бачаннем свету. На шчырасць яны заўсёды адказваюць шчырасцю».

У гэты дзень кожнага з дзяцей чакаў вялікі салодкі падарунак і займальнае інтэрактыўнае падарожжа ў «Чароўныя сны» – навагодняе прадстаўленне ў выкананні творчых калектываў Палаца культуры вобласці.

Упершыню на абласную ёлку прыехала з Быхаўскага раёна сямікласніца Макранскай сярэдняй школы Дар’я Паджарава. Дзяўчынка расказала, што атрымаць запрашэнне на свята з удзелам губернатара было вельмі ганарова, прыемна і нечакана:

«Тут шмат яркіх, казачных персанажаў. Адчуваецца набліжэнне навагодняга свята. Рада, што любоў да вучобы дапамагла мне сюды патрапіць: удзельнічаю ў прадметных алімпіядах па біялогіі, беларускай мове і АБЖ. А Новы год чакаю з нецярпеннем, як усе дзеці: гэта свята, падарункі ад Дзеда Мароза, добры настрой».

Сярод тых, каму пашчасціла прыняць удзел у яркай урачыстасці, аказалася і шасцікласніца Вераніка Аўдашкова з СШ № 1 горада Асіповічы: «Я вельмі рада трапіць на абласную ёлку. Новы год вельмі люблю і заўсёды чакаю. Сёння мы знаходзімся ў такім прыгожым будынку, у святочнай атмасферы: усе вакол весяляцца і віншуюць адзін аднаго. Выдатна!

І хоць лістоў Дзядулю Марозу я ўжо не пішу, але жаданні працягваю загадваць. Вельмі хачу сабаку. І спадзяюся, што ў гэтым годзе маё патаемнае жаданне аб хатнім гадаванцы збудзецца».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая