RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: ініцыятыва, асабістая адказнасць, мэтанакіраванасць будуць дапамагаць нам дабівацца новых перамог на карысць роднага рэгіёну

Урачыстае мерапрыемства да 85-годдзя з дня ўтварэння Магілёўскай вобласці адбылося 19 студзеня ў Палацы культуры вобласці. Удзел у ім прынялі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык.

Выказаць словы віншаванняў у гэты дзень таксама прыбылі міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч, намеснік міністра прамысловасці Дзмітрый Харытончык, старшыні канцэрнаў і кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, старшыні гаррайвыканкамаў, адміністрацый раёнаў у гарадах Магілёве і Бабруйску, гарадскіх і раённых саветаў дэпутатаў , дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі структур рэспубліканскіх органаў кіравання, сілавых ведамстваў, члены аблвыканкама, кіраўнікі ВНУ, прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі духавенства, грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, ветэраны, моладзь.

З юбілейнай датай павіншаваў жыхароў Прыдняпроўскага краю Ігар Сергяенка.
 
«Дзякуючы працы і прафесіяналізму адданых свайму краю людзей, Магілёўшчына фарміруецца як развіты чыгуначны транспартны вузел, буйны аграрны і прамысловы рэгіён, з кожным днём становіцца ўсё лепш і прыгажэй, - адзначыў ён. - Тут створаны ўсе ўмовы і назапашаны вялікі вопыт для развіцця чалавечага патэнцыялу і руху наперад.
 
Кожны, чый лёс так ці інакш звязаны з Магілёўшчынай, мае права ганарыцца дасягненнямі і слаўнай гісторыяй гэтага краю, тым, што сучаснасць вобласці - у надзейных руках. І няхай 85-годдзе стане сімвалам поспеху і абнаўлення, а новыя здзяйсненні – стартам для развіцця і працвітання».

Таксама Ігар Сергяенка зачытаў прывітальны адрас кіраўніка дзяржавы і перадаў яго Анатолю Ісачанку. Акрамя таго, з нагоды ўрачыстасці ён уручыў шэраг высокіх узнагарод.

За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё рэгіёну і ў сувязі з 85-годдзем з дня ўтварэння Магілёўскай вобласці Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагароджаны першы прарэктар Беларуска-Расійскага універсітэта Юрый Машын і настаўнік пачатковых класаў сярэдняй школы Наталля Язерская. Падзяка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта аб'яўлена загадчыку аддзела грамадска-палітычнай тэматыкі Інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці» Віктару Кубеку і ўрачу ультрагукавой дыягностыкі абласной клінічнай бальніцы Алегу Ананенку.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў свята, губернатар адзначыў, што ў гэтай зале сабраліся ўсе тыя, хто сваёй працай унёс дастойны ўклад і заклаў трывалы фундамент у развіццё рэгіёну. Хто сваёй штодзённай працай імкнецца эфектыўна вырашаць пастаўленыя задачы, звяртае цяперашняе пакаленне да бацькоўскай спадчыны, выхоўвае адказнасць за родную зямлю, гонар за яе і свой народ.
 
«За 85 гадоў пройдзены вялізны шлях! Сёння ў нас цудоўная магчымасць звярнуцца да гераічнай гісторыі краю. Нізка пакланіцца ўсім тым, хто абараняў нашу родную зямлю ад ворага, хто збярог Магілёўшчыну. Аддаць даніну павагі  тым, хто жыве дагэтуль, і даніну памяці тым абаронцам, якіх з намі ўжо няма. Нашы землякі прайшлі выпрабаванні дарогамі вайны. Гэтыя ўрокі мог забыць хто заўгодна, але толькі не мы», - падкрэсліў Анатоль Ісачэнка.
 
Памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны ўшанавалі хвілінай маўчання. Таксама ў гэты дзень прыгадалі імёны выдатных землякоў, якія ў пасляваенны час развівалі навуку, культуру, адукацыю, аднаўлялі сельскую гаспадарку.

«У гісторыі Магілёўскай вобласці нямала старонак, якія можна па праве назваць залатымі. Усе поспехі і дасягненні Прыдняпроўскага краю - вынік працы розных пакаленняў. У тым ліку і былых кіраўнікоў вобласці, якія ўклалі шмат сіл і энергіі ў сацыяльна-эканамічнае развіццё Магілёўшчыны. Безумоўна, наш залаты фонд - ветэраны працы, якія ўпісалі свае імёны ў гісторыю працоўнай славы рэгіёну», - адзначыў губернатар, падзякаваўшы ім за працу і бясцэнны жыццёвы вопыт. - Сёння мы імкнемся годна працягваць ваш шлях. Ва ўсіх сферах жыцця ёсць людзі, якія дзень пры дні, сваёй працай дамагаюцца высокіх вынікаў у сваёй працы. Нашы інжынеры і вяскоўцы, урачы і настаўнікі, спартсмены і людзі ў пагонах, тыя хто сваімі працоўнымі перамогамі фарміруе аблічча сучаснай Магілёўшчыны.

Сёння Магілёўская вобласць паспяхова развіваецца па ўсіх напрамках. У рэгіёне ствараецца спрыяльны інвестыцыйны клімат, рэалізуюцца маштабныя праекты. Прадукцыя, якую выпускаюць нашы прадпрыемствы, ужо даўно стала брэндам Магілёўскай вобласці, які вядомы далёка за межамі краіны.
 
Перакананы, што ініцыятыва, асабістая адказнасць, мэтанакіраванасць і ў далейшым будуць дапамагаць нам дабівацца новых перамог на карысць роднага рэгіёну і нашай Беларусі. Бо перад кожным стаіць адна галоўная задача – перадаць наш агульны дом дзецям і ўнукам шчасным і стабільным».

У рамках урачыстасці Анатоль Ісачанка ўручыў дыпломы пераможцам штогадовага абласнога конкурсу па выніках 2022 года. Ганаровага звання «Чалавек года Магілёўшчыны» ўдастоены 15 жыхароў рэгіёну.

Завяршылася свята канцэртам творчых калектываў вобласці «Слаўся, родная Магілёўшчына!» і лазерным шоу. Акрамя таго, у фае ўвазе гасцей была прадстаўлена выстаўка «Гістарычны летапіс. 85-годдзю ўтварэння Магілёўскай вобласці прысвячаецца…»

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая