RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: людзям патрэбен кампетэнтны адказ - аргументавана і без падлашчванняў

Асабісты прыём грамадзян правёў сёння старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Па садзейнічанне ў вырашэнні пытанняў да яго звярнуліся жыхары абласнога цэнтра.

Так, на прыём да губернатара прыйшла сямейная пара магіляўчан. Заяўнікі расказалі, што з 2011 года стаяць на ўліку грамадзян, якія жадаюць атрымаць зямельны ўчастак для будаўніцтва дома. У 2015 годзе муж і жонка, паводле іх слоў, звярталіся ў землеўпарадкавальную службу па пастаноўку на ўлік у статусе шматдзетнай сям'і, аднак іх у чаргу не паставілі. Наступныя звароты ў Маггарвыканкам сытуацыю не вырашылі. Яны папрасілі разабрацца ў пытанні і паспрыяць у выдзяленні зямельнага ўчастка для будаўніцтва жылога дома.

Як растлумачыў прысутны на прыёме старшыня гарвыканкама Аляксандр Студнеў, шматдзетная сям'я раней атрымала магчымасць палепшыць свае жыллёвыя ўмовы шляхам будаўніцтва дзвюх кватэр, а на гэты момант стаіць другой у чарзе на атрыманне зямельнага ўчастка і мае першачарговае права выбару.
 
«Сям'ёй было выказана пажаданне атрымаць участак у пэўным месцы - у раёне Гарадшчыны або Казіміроўкі, іншыя варыянты яны не разглядалі. Сёння такая магчымасць з'явілася. На сайце гарвыканкаму змешчаны спіс з дзесяці свабодных зямельных участкаў. У любы момант заяўнікі могуць азнаёміцца з імі і вызначыцца з выбарам», - падкрэсліў ён.

Паведамілі муж і жонка і аб неналежным, на іх думку, выкананні абавязкаў старшынёй таварыства ўласнікаў шматкватэрнага дома, дзе ў іх ёсць квадратныя метры. Заяўнікі паскардзіліся, што ўсе іх просьбы застаюцца без адказу, усе праблемы па пад'ездзе, прыдамавой тэрыторыі даводзіцца вырашаць самастойна. Ёсць у іх да старшыні таварыства і шэраг іншых пытанняў па дадатковай аплаце, правядзенню сходаў жыхароў і перавыбранню на пасаду. Таму сямейная пара папрасіла праверыць яго дзейнасць і выказала пажаданне перавесці дом на абслугоўванне дзяржаўнай арганізацыяй.

Анатоль Ісачанка даручыў адпаведным службам правесці сход жыхароў, каб вывучыць іх меркаванні, больш падрабязна разабрацца ў сітуацыі, і паабяцаў узяць пытанне на кантроль.

«Калі праблема сапраўды ёсць, то чалавек не павінен займаць гэту пасаду», - рэзюмаваў ён.

Яшчэ адна магіляўчанка звярнулася па пытанні нязгоды з будаўніцтвам шматкватэрнага дома з паркоўкай па вуліцы Каштанавай, у непасрэднай блізкасці з сярэдняй школай №40. Жанчына адзначыла, што раней на месцы запланаванага будаўніцтва па грамадскай ініцыятыве задумвалася дзіцячая гульнявая пляцоўка, узвядзенне якой было ўзгоднена з органамі ўлады і на гэты момант гэтае рашэнне не адменена. Заяўніца ўжо звярталася па гэтым пытанні ў гарадскі выканаўчы камітэт, аднак атрыманым адказам засталася незадаволеная.

«Новая дарога і бясплатная стаянка паспрыяюць загазаванасці, якой будуць вымушаныя дыхаць дзеці. Мы з гэтым катэгарычна не згодныя», - агучыла сваю пазіцыю жанчына.

У сваю чаргу, старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Ігар Клішо растлумачыў, што па горадабудаўнічай дакументацыі ўзвядзенне гэтага дома не супярэчыць заканадаўству і прадугледжана генеральным планам развіцця абласнога цэнтра. Што да самога праекту, то першапачаткова тут планаваўся трохпад'язны 120-кватэрны дом. Аднак пасля дадатковага вывучэння пляцоўкі пад забудову, было прынята рашэнне будаваць двухпад'язны 80-кватэрны дом і зрушыць паркавальную стаянку, каб захаваць памеры запланаванай раней дзіцячай гульнявой зоны. Аднак і гэты варыянт не задавальняе заяўніцу.

Свае каментарыі далі і іншыя адказныя асобы, растлумачыўшы магіляўчанцы, што распрацоўка праекта ўлічвае мноства фактараў, абапіраецца на будаўнічыя нормы і максімальна выконвае інтарэсы насельніцтва. У тым ліку, прадстаўнік ДАІ адзначыў, што сучасныя падыходы - такі вопыт ужо ёсць у Магілёве - дазваляюць уладкаваць запланаваны праезд так, што ён будзе выключаць паркоўку ўздоўж дарогі, з'яўленнем якой занепакоена жанчына. Акрамя таго, сёлета праведзена паўторнае грамадскае абмеркаванне праекту і прэтэнзій з боку насельніцтва не паступала.

Анатоль Ісачанка паабяцаў выехаць на месца асабіста і са спецыялістамі дадаткова вывучыць гэтае пытанне, пасля чаго заяўніцы будзе дадзены адказ. Жанчына з такім варыянтам пагадзілася.
 
«Трэба людзей выслухаць заўсёды. У нейкім пытанні яны могуць мець рацыю. У любым выпадку, людзям патрэбен кампетэнтны адказ. Калі так, значыць, так, не дык не. Але аргументавана і без падлашчванняў».
 
Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая