RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: паказчыкі патрэбныя не дзеля паказчыкаў, за імі – дабрабыт людзей і развіццё рэгіёна

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка правёў сёння пасяджэнне па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці і праекце абласнога бюджэту на 2023 год.

«Вынікі 2022 года мы падвядзём крыху пазней, абапіраючыся на статыстычныя даныя. Але ўжо сёння нам неабходна зацвердзіць параметры развіцця на наступны год, – адкрываючы пасяджэнне, адзначыў Анатоль Ісачанка. – І ў сувязі з гэтым разгледзець праект сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці і абласнога бюджэту на 2023 год.

Ключавыя задачы на наступны год не аднойчы агучваліся кіраўніком дзяржавы і ўрадам. Гэта рост дабрабыту нашых грамадзян, пошук новых праектаў і нарошчванне інвестыцый, пераарыентацыя і павелічэнне экспартных патокаў, стымуляванне развіцця ўнутранага рынку, рост аб’ёмных паказчыкаў ва ўсіх галінах. Як вынік усёй працы – выкананне бюджэту.

Указам кіраўніка дзяржавы ад 28 лістапада 2022 г. № 411 у якасці найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2023 год вызначаны валавы ўнутраны прадукт – тэмп росту 103,8%, інвестыцыі ў асноўны капітал – тэмп росту 122,3%, экспарт тавараў і паслуг – 105,5%, рэальныя наяўныя даходы насельніцтва – 104,1%. І яшчэ адзін вельмі важны паказчык – узровень інфляцыі, якая ў наступным годзе запланавана не больш за 7-8%. Зыходзячы з краінавых параметраў, сфарміраваны паказчык развіцця рэгіёна ў цэлым, а таксама паказчыкі гарадоў і раёнаў».

Дакладчыкі ў сваіх выступленнях спыніліся на асноўных ключавых параметрах, задачах на месцах, магчымых шляхах дасягнення даведзеных паказчыкаў.

Па адным з асноўных пытанняў аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна выступіў намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Страхар. Ён адзначыў: «Традыцыйна на адным з найважнейшых пасяджэнняў аблвыканкама вылучаюцца параметры развіцця вобласці на наступны год. Пастановай Саўміна нам даведзены гэтыя параметры, і сёння мы вызначаем іх у разрэзе рэгіёнаў і галін. Найважнейшы з іх – тэмп росту валавага рэгіянальнага прадукту. Для яго дасягнення кожнай з галін прамысловасці вызначаюцца канкрэтныя параметры і такія ж даводзяцца для рэгіёнаў. Не менш важная задача ўсёй вертыкалі ўлады – павышэнне тэмпу росту заработнай платы, які на наступны год вызначаны ў памеры 115,9%. І наша задача – зрабіць усё, каб мы не толькі дасягнулі, але і перавысілі яго. І каб галіны рэальнага сектара эканомікі працягвалі сваё развіццё».

Анатоль Ісачанка акцэнтаваў увагу прысутных: «Паказчыкі нам патрэбныя не дзеля паказчыкаў, за імі – дабрабыт людзей і развіццё рэгіёна. І гэта не пустыя словы. Трэба ўмацоўваць ўсе напрамкі. Даведзеныя паказчыкі – рэальныя і выканальныя».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая