RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка павіншаваў аграрыяў Магілёўшчыны з «Дажынкамі»

Паважаныя аграрыі Магілёўшчыны!

Сардэчна віншую ўсіх працаўнікоў сяла з фестывалем-кірмашом «Дажынкі-2023»!

Найважнейшая частка эканомікі Рэспублікі Беларусь - аграпрамысловы комплекс, паспяховае развіццё якога вызначае стан усяго народна-гаспадарчага патэнцыялу, стабільнасць сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў грамадстве, а таксама ўзровень харчовай бяспекі дзяржавы. Сёлета аграрыі Магілёўшчыны ўнеслі дастойны ўклад у агульнарэспубліканскі каравай, а гэта каля 1 мільёна тон. Каб дабіцца такога выніку, было шмат зроблена: перагледжана структура пасяўных плошчаў, праведзена вялікая работа па забеспячэнню мінеральнымі ўгнаеннямі, сродкамі абароны.

«Хлеб - усяму галава», - абвяшчае народная мудрасць. Спрадвеку і да сённяшняга дня праца хлебароба застаецца самай важнай і самай нялёгкай. Безумоўна, галоўныя героі свята - працаўнікі палёў і ўсе тыя, хто прымаў удзел ва ўборачнай кампаніі гэтага года.

Сельгаспрадпрыемствы вобласці, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, якія суправаджалі работы па вырошчванні ўраджаю ў гэтым сезоне, правялі жніво якасна, на высокім узроўні і ў найкарацейшыя тэрміны.

Абапіраючыся на традыцыі, вопыт ветэранаў і энергію маладых, талент і працавітасць жыхароў рэгіёну, выказваю ўпэўненасць, што мы разам будзем працягваць уносіць дастойны ўклад у далейшае сацыяльна-эканамічнае развіццё Прыдняпроўскага краю і краіны ў цэлым, перадаваць эстафету добрых спраў і важкіх здзяйсненняў будучым пакаленням.

Жадаю ўсім вам, хто прысвяціў жыццё высакароднай і нялёгкай сельскай працы, моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця, шчодрых ураджаяў і спрыяльнага надвор'я як у полі, так і ў вашых дамах!

Анатоль Ісачанка, старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая