RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Астанкі 13 чырвонаармейцаў паднялі байцы Магілёўскага абласнога ваенна-патрыятычнага клуба «Віккру» ў Чавускім раёне

Чарговая пошукавая экспедыцыя стартавала на Магілёўшчыне. Байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны разам з супрацоўнікамі Магілёўскага абласнога ваенна-патрыятычнага клуба «Віккру» выехалі ў Чавускі раён.

Першы дзень палявых работ быў асабліва складаным, бо раскопкі ішлі ў пойме невялікай рачулкі Вілія. Каб у прамым сэнсе глыбока капнуць, хлопцы ў гумовых ботах, стоячы амаль па калена ў балоце, вычэрпвалі ваду вёдрамі. Вынік: каля вёскі Галавенчыцы яны паднялі астанкі трох чырвонаармейцаў, загінулых тут у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вынік раскопак ля вёскі Сутокі яшчэ больш уражлівы. Нязменны кіраўнік «Віккру» Мікалай Барысенка ўдакладняе:

– Да таго як прыступіць да раскопак, мы праводзім разведку на мясцовасці. На гэты раз дзякуючы суладнай працы нашых «віккраўцаў» Ільі Трыханава і Андрэя Пруднікава адшукалі астанкі 10 чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія змагаліся тут у 1944 годзе.

Чавуская зямля шчодра паліта крывёю. Каля дзевяці месяцаў, з кастрычніка 1943 па чэрвень 1944 года, тут стаяў фронт, ішлі жорсткія баі. Але сапраўдная цана гэтага подзвігу на рацэ Проня дагэтуль невядомая. Паводле афіцыйных звестак, тут спачывае прах каля 20 тысяч загінулых салдат. Але іх, паводле слоў магілёўскіх гісторыкаў і пошукавікаў, разы ў два больш...

На жаль, памятных медальёнаў, па якім пасля можна было б ўстанавіць імёны герояў, на гэты раз не знайшлі. Але пошукі працягнуцца да канца тыдня. І не толькі ў Чавускім раёне – «віккраўцы» паралельна працуюць на Быхаўшчыне і Слаўгарадчыне.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая