RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Бабруйчанін Вячаслаў Харанека ўстанавіў 160-ы рэкорд у кар’еры і прысвяціў гэта дасягненне 75-годдзю вызвалення Беларусі

Вядомы асілак з Бабруйска Вячаслаў Харанека ўстанавіў 160-ы рэкорд у кар’еры. Адбылося гэта сёння ў час XXIII Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМІ ў Беларусі».

Беларускі атлет, які прыехаў на выставу па запрашэнні Беларускага тэлеграфнага агенцтва, здолеў падняць гіру вагой 32 кг 554 разы лежачы на працягу 15 хвілін. Сваё чарговае дасягненне Вячаслаў Харанека прысвяціў 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Рэкорд Вячаслава Харанекі быў устаноўлены на галоўнай сцэне выставачнага комплексу і сабраў вялікую групу падтрымкі.

Легендарны асілак, выкладчык Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі пасля выступлення адзначыў атмасферу выставы і падтрымку гледачоў. «Да гэтага рэкорду рыхтаваўся яшчэ з выступлення на чэмпіянаце краіны ў Асіповічах і падышоў у добрай форме. На выставе святочная абстаноўка, шмат гледачоў, прадстаўнікоў СМІ, і я проста не мог падвесці. Сваё дасягненне хачу прысвяціць знакавай падзеі – 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзякуючы подзвігу дзядоў і прадзедаў мы сёння можам тварыць, вучыцца, выступаць, дамагацца поспехаў у самых розных сферах, ды і, нарэшце, проста жыць», – сказаў Вячаслаў Харанека. Дарэчы, атлет з’яўляецца ўдзельнікам эстафеты агню II Еўрапейскіх гульняў, які будзе запалены сёння ў Рыме. Ён прабяжыць з факелам на сваёй малой радзіме ў Бабруйску.


 

Разам са знакамітым асілкам сваё майстэрства прадэманстравалі гіравікі Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі, якія выконвалі розныя практыкаванні са спартыўнымі снарадамі. Акрамя таго, кожны наведвальнік выставы мог паспрабаваць сябе ва ўзняцці гіры рознай вагі.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая