RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Бабруйскаграмаш» плануе паставіць ва Узбекістан да тысячы адзінак тэхнікі

ААТ «УКХ “Бабруйскаграмаш”» плануе паставіць ва Узбекістан да тысячы адзінак тэхнікі для далейшай яе перадачы мясцовым аграрыям. Пра гэта паведамілі на прадпрыемстве.

Адпаведная дамоўленасць дасягнута падчас I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана і аформлена ў пагадненне аб супрацоўніцтве паміж ААТ «УКХ “Бабруйскаграмаш”» і АТ «Узагратэхсанаатхолдынг» (г. Ташкент) на пленарным пасяджэнні.

Палажэннямі падпісанага дакумента вызначаны асноўныя напрамкі супрацоўніцтва на 2019-ы і наступныя гады. У прыватнасці, для дасягнення намечанага аб’ёму паставак бакі сфарміруюць пералік найбольш перспектыўнай наменклатуры машын для працы на ўзбекскім рынку, а таксама вызначаць магчымасць яе сумеснай вытворчасці на магутнасцях прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у АТ «Узагратэхсанаатхолдынг».

З мэтай забеспячэння ўзаемнай зацікаўленасці ў паспяховым развіцці гэтага праекта партнёры намецілі да канца 2021 года давесці ўзровень лакалізацыі зборачнай вытворчасці па ўзгодненай наменклатуры да 50%. Таксама для забеспячэння вытворчасці тэхнікі ў адпаведнасці з патрабаваннямі ААТ «УКХ “Бабруйскаграмаш”» і яе гарантыйнага і сэрвіснага абслугоўвання беларуская кампанія будзе навучаць штогод да 100 спецыялістаў АТ «Узагратэхсанаатхолдынг».

АТ «Узагратэхсанаатхолдынг» з’яўляецца нацыянальнай холдынгавай кампаніяй Рэспублікі Узбекістан і займаецца вытворчасцю шырокага спектру сельгастэхнікі і абсталявання. У сваім кіраванні холдынг мае 6 заводаў па вытворчасці розных тыпаў абсталявання і тэхнікі сельгаспрызначэння (АТ «Ташкенцкі завод сельскагаспадарчай тэхнікі», АТ «Чырчыцкі завод сельскагаспадарчай тэхнікі», АТ «Агрэгатны завод», АТ «Тэхнолаг», АТ «БМКБ Аграмаш», АТ «Ургенчкорммаш»). ААТ «УКХ “Бабруйскаграмаш”» супрацоўнічае з АТ «Узагратэхсанаатхолдынг» з 2017 года. Тады на базе АТ «Ургенчкорммаш» было арганізавана СП ТАА «УзБелАграмаш». За мінулы час тут была асвоена вытворчасць дыскавых касілак КДН-210, самазвальных трактарных прычэпаў 2ПТС-6-1 і кормараздатчыкаў РСК-12. За перыяд сваёй працы названае сумеснае прадпрыемства зрабіла больш за 100 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, якая была пастаўлена прадпрыемствам АПК і фермерам Узбекістана.

ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу “Бабруйскаграмаш”» заснавана ў 1974 годзе. Прадпрыемства з’яўляецца галаўной кампаніяй холдынгу «Бабруйскаграмаш». Яно вырабляе больш за 80 найменняў прычапной і

навясной сельскагаспадарчай тэхнікі для ўнясення розных угнаенняў, нарыхтоўкі і раздачы кармоў, уборкі лёну, прычапных транспартных сродкаў і г.д. Прадукцыя прадпрыемства экспартуецца амаль у 50 краін свету.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая