Бабруйская каманда стала пераможцай спартакіяды актыву Саюзнай моладзі Магілёўскай абласной арганізацыі ГА «БРСМ». Другое месца падзялілі прадстаўнікі Слаўгарадскага і Кіраўскага раёнаў, трэцяе – у горацкай моладзі.

Мерапрыемства, прысвечанае Дню нараджэння саюза, прайшло 6-8 верасня на базе адпачынку «Сямігоре» ў Мсціславе. Тут сабраліся самыя актыўныя, ініцыятыўныя і таленавітыя маладыя людзі. У складзе каманд з усіх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці хлопцы і дзяўчаты прадэманстравалі сілу і спрыт, бліснулі эрудыцыяй і талентам.

Удзельнікаў спартакіяды чакалі конкурсы капітанаў, візітных картак, бівуакаў, страў, моладзевых сэлфі, «Забег дружбы» і мноства спартыўных спаборніцтваў: валейбол, жаночы футбол, хакей у валёнках, перацягванне каната, турыстычная паласа перашкод, турнір па гульні «Аліяс» і інш. Уменне гумарыць маладыя людзі прадэманстравалі ў StandUp «17+».

Арганізатарамі мерапрыемства выступалі Магілёўскі абласны камітэт ГА «БРСМ», Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Мсціслаўскі раённы выканаўчы камітэт.