RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Бацькам будуць выдаваць даведку на час самаізаляцыі дзяцей–кантактаў па COVID-19

Бацькам будуць выдаваць даведку аб часовай непрацаздольнасці на час самаізаляцыі іх дзяцей, якія сталі кантактамі першага або другога ўзроўню ў сувязі з COVID-19, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя, каментуючы пастанову ведамства № 34 ад 9 красавіка 2020 года.

Дакумент уносіць змены ў Інструкцыю аб парадку правядзення экспертызы часовай непрацаздольнасці, зацверджаную пастановай Міністэрства аховы здароўя № 104 ад 24 снежня 2014 года.

Вызначана, што асобе, якая ажыццяўляе догляд дзіцяці ва ўзросце да 10 гадоў, якое наведвае дзіцячы сад або школу і адносіцца да кантактаў першага або другога (з наяўнасцю рэспіраторных сімптомаў) узроўню, устанаўліваецца часовая непрацаздольнасць на тэрмін знаходжання дзіцяці ў самаізаляцыі. Гэта пацвярджаецца даведкай аб часовай непрацаздольнасці.

У дачыненні да грамадзян, старэйшых за 18 гадоў, якія адносяцца да кантактаў першага або другога (з наяўнасцю рэспіраторных сімптомаў) узроўню, устанаўліваецца часовая непрацаздольнасць у сувязі са знаходжаннем у самаізаляцыі. Тэрмін самаізаляцыі ўстаноўлены заканадаўствам і пацвярджаецца лістком непрацаздольнасці (даведкай аб часовай непрацаздольнасці).

У Міністэрстве аховы здароўя растлумачылі, што грамадзяне, у тым ліку дзеці ва ўзросце да 14 гадоў, якія адносяцца да кантактаў першага ўзроўню, за якімі устанаўліваецца медназіранне, – гэта асобы без клінічных сімптомаў захворвання. Тыя, каго адносяць да кантактаў другога ўзроўню, маюць адзін або некалькі рэспіраторных сімптомаў. Пры гэтым іх наяўнасць не з’яўляецца падставай для ўстанаўлення вострага рэспіраторнага ці іншага захворвання, пры якім выдаецца лісток непрацаздольнасці (даведка) у сувязі з захворваннем або доглядам хворага дзіцяці.

Дапамог па доглядзе дзіцяці, якое не мае прыкмет захворвання, не прадугледжана. Адпаведна, як адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя, лісток непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці, якое не з’яўляецца хворым, але адносіцца да кантактаў першага або другога ўзроўню, не можа быць выдадзены.

Калі ў грамадзян, у тым ліку дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, якія знаходзяцца ў самаізаляцыі, узнікае вострае рэспіраторнае або іншае захворванне, ім у сувязі з гэтым ва ўстаноўленым парадку выдадуць лісток непрацаздольнасці (даведку).

Распрацавана таксама новая пастанова Міністэрства аховы здароўя і Мінпрацы і сацабароны № 33/33 ад 9 красавіка 2020 года. Яна ўносіць змены ў парадак выдачы і афармлення лісткоў непрацаздольнасці і даведак аб часовай непрацаздольнасці ў сувязі з правядзеннем санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Дакумент вызначае новы від парушэння рэжыму – парушэнне самаізаляцыі. Акрамя таго, удакладняюцца асаблівасці афармлення лісткоў непрацаздольнасці (даведак) у тым выпадку, калі ў грамадзян, якія знаходзяцца ў самаізаляцыі, узнікаюць захворванні або траўмы.

БЕЛТА

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая