RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Бібліятэкі Магілёва запускаюць web-марафон, прысвечаны 75-годдзю Перамогі

Web-марафон «Нам ёсць чым ганарыцца і ёсць што берагчы», прысвечаны 75-годдзю Перамогі, запускаюць сёння бібліятэкі Магілёва. Пра гэта расказала загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Магілёўскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К. Маркса Алена Шэпелева.

«Пляцоўкамі для правядзення web-марафону стануць Instagram-акаўнты бібліятэк горада і сайт установы культуры «Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілёва». Кожны дзень будзе прысвечаны пэўнай тэматыцы. Усе мерапрыемствы будуць праходзіць анлайн», – падзялілася Алена Шэпелева.

Старт марафону дасць сёння літаратурны флэшмоб «75 хвілін чытання аб ВАВ». На працягу 75 хвілін супрацоўнікі бібліятэк у акаўнтах устаноў будуць чытаць творы пра Вялікую Айчынную вайну. Наступны дзень, 5 мая, будзе прысвечаны ваенным песням. На сайце бібліятэк Магілёва можна будзе паслухаць песні ваенных гадоў, а ў прамым эфіры Instagram-акаўнта бібліятэкі-філіяла №9 імя Я. Купалы – даведацца пра гісторыю стварэння знаёмых і любімых твораў.

Прамая трансляцыя «Ваенны фотаальбом» пройдзе 6 мая ў запісе бібліятэкі імя К. Маркса. Гэты дзень прысвецяць мастакам, якія не толькі перажылі Вялікую Айчынную вайну, але і адлюстравалі яе ў сваёй творчасці. У гэты ж дзень на сайце ўстановы адбудзецца выстава дзіцячых малюнкаў у анлайн-галерэі «Фарбы Перамогі: я малюю свет».

7 мая на сайце ўстановы культуры пачнецца кінамарафон «Наша Перамога»: у падборку ўвайшлі фільмы, створаныя па матывах твораў беларускіх і расійскіх аўтараў. У гэты ж дзень запланаваны прамы эфір «Я. Вайна. Мая сям’я», прысвечаны беларускаму пісьменніку Івану Шамякіну. Раскажуць пра пісьменніка і яго творы ў Instagram-акаўнце бібліятэкі-філіяла № 2 імя І. Шамякіна. А 8 мая ва ўсіх жадаючых будзе магчымасць скласці пасланне ў будучыню. Па заканчэнні акцыі будзе створаны інфармацыйны рэсурс.

Акрамя гэтага, усе жадаючыя змогуць прыняць удзел у стварэнні віртуальнай сцяны памяці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Для гэтага трэба на электронны адрас goridcentr@mail.ru даслаць фатаграфію свайго сваяка (пажадана малюнак ваенных гадоў або ў форме) і подпіс да яе: прозвішча, імя, імя па бацьку, ваеннае званне і гады жыцця. Фотаздымкі прымаюцца да 6 мая. Таксама гэтымі днямі пройдзе сеткавая акцыя «Пераможны БЛОГпост», дзякуючы якой можна павіншаваць ветэранаў і ўсіх жыхароў краіны з Днём Перамогі.

Трансляцыі ў Instagram-акаўнтах будуць праходзіць у 18.00.

 

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая