RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Больш за 40 удзельнікаў збяруць абласныя спаборніцтвы «Лесаруб-2024» у Горках

Больш за 40 удзельнікаў збяруць 12 ліпеня абласныя спаборніцтвы вальшчыкаў лесу «Лесаруб-2024» у Горках. Конкурс прафесійнага майстэрства абяцае быць відовішчным і цікавым, расказала намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце Горацкага лясгаса Алеся Закурдаева.

Удзельнікам трэба прайсці пяць конкурсных этапаў (асабісты залік) і эстафету (камандныя спаборніцтвы). Валка лесу, мантаж ланцуга, дакладная распілоўка, распілоўка камбінаваным рэзам, абразанне сукоў - тыя навыкі і ўменні, якія прадэманструюць кампетэнтнаму журы прэтэндэнты на перамогу. «Асноўным этапам будзе валка лесу: чым больш дакладна ўдзельнік трапіць у патрэбны калідор і пакладзе дрэва на ўстаноўленую тычку, тым вышэй будзе конкурсны бал», - удакладніла Алеся Закурдаева.

Дарэчы, эстафета - гэта праверка на хуткасць і дакладнасць, якая патрабуе максімальнага майстэрства: дрэвы трэба абразаць па спецыяльных метках, дэманструючы практычна ювелірную работу. У гэтым спаборніцтве-забегу ўдзельнічае каманда з трох чалавек, і вынік шмат у чым залежыць ад іх узаемавыручкі. Сярод удзельнікаў ёсць як юніёры, якія пачынаюць свой прафесійны шлях, так і вопытныя спецыялісты з больш чым 20-гадовым стажам.

«Цікавасць выпрабаваць сілы і магчымасці ў першую чаргу ёсць у саміх вальшчыкаў - кожны хоча паказаць сваё майстэрства, - адзначыла Алеся Закурдаева. - Гэта вельмі эмацыйныя спаборніцтвы, бо стаць лепшым імкнуцца ўсе».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая