RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Больш за 6 тыс. навучэнцаў Магілёўскай вобласці наведалі пункты здачы ЦЭ і ЦТ у першы дзень

У Беларусі сёння стартавалі цэнтралізаваны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне ў адзіныя тэрміны. Усяго ў першы дзень на Магілёўшчыне ў пунктах правядзення іспыту зарэгістраваны 6043 навучэнцаў, з улікам экстэрнаў. У другі дзень, 30 мая, чакаецца 6045. Найбольш папулярным прадметам па выбары ў выпускнікоў у гэты дзень стала матэматыка - на карысць дакладнай навукі зрабілі выбар звыш 2 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак, на другім месцы - біялогія (амаль 1,3 тыс.) і завяршыла тройку лідэраў грамадазнаўства (звыш 1,03 тыс.).

«Галоўнай асаблівасцю цэнтралізаванага іспыту і цэнтралізаванага тэсціравання сёлета з'яўляецца тое, што гэтыя два мерапрыемствы аб'яднаны. Сёння рабяты здаюць цэнтралізаваны іспыт і, адпаведна, прадмет на выбар, - распавёў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Лашкевіч, наведваючы адзін з пунктаў правядзення ЦТ і ЦЭ, размешчаны ў МДУ ім. А.А. Куляшова. - Канкрэтна на гэтым пункце зарэгістравана на цэнтралізаваны іспыт 555 чалавек - гэта выпускнікі абласных ліцэяў, кадэцкага вучылішча, выпускнікі ўстаноў адукацыі Магілёўскага раёна і 245 навучэнцаў выпускнікоў мінулых гадоў, якія здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне. 3 і 6 чэрвеня, адпаведна, будзе праводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне па прадметах па выбары. Натуральна, гэта аблягчае задачу выпускнікам, яны ўжо 14 чэрвеня на выпускным вечары атрымаюць ва ўрачыстай абстаноўцы свае атэстаты аб сярэдняй адукацыі. І, адпаведна, далей спакойна будуць вызначацца з паступленнем».

Ігар Лашкевіч адзначыў, што ўсяго па вобласці дзейнічаюць 24 пункты правядзення цэнтралізаванага экзамену, з іх 7 размяшчаюцца на базе ВНУ - МДУ ім. А.А. Куляшова, БРУ, БДУТ, БДСГА і каледжаў - аднаго ў Клімавічах і двух у Бабруйску, яшчэ 17 - на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

«Акрамя таго, што сумясцілі ЦТ і ЦЭ непасрэдна ў пункце правядзення ў аўдыторыях, іншыя патрабаванні да арганізацыі не змяніліся. У студзені мы адпрацавалі ўсе гэтыя моманты на рэпетыцыі цэнтралізаванага іспыту, - падкрэсліў ён. - Таму сёння вы бачыце дастаткова спакойную атмасферу, рабят у добрым настроі. Яны ўжо гэта ўсё праходзілі падчас рэпетыцый.

Цэнтралізаваны іспыт - гэта вынік вучобы на працягу адзінаццаці гадоў і, натуральна, самае важнае, каб хлопцы прадэманстравалі ўсе тыя веды, якія яны набылі ва ўстановах адукацыі за гэты перыяд. І якасць ведаў нашыя выпускнікі заўсёды паказваюць досыць высокую», – падсумаваў Ігар Лашкевіч.

Выказалі надзею на высокія балы і адзінаццацікласніцы Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя №1 Лізавета Вінкевіч, Ксенія Ушакова, Марыя Макарава і Вераніка Сашняніна. Нягледзячы на лёгкае хваляванне, ля ўвахода ў пункт здачы дзяўчыны трымаліся ўпэўнена, падтрымлівалі бадзёры настрой школьнымі крычалкамі. На пытанне, які прадмет будуць здаваць, хорам адказалі: «Біялогію! Жадаем быць медыкамі, звязаць з гэтым сваё жыццё. Нам вельмі павезла з настаўнікам. Людміла Мікалаеўна Гетманава закахала нас у прадмет і вельмі шмат і старанна з намі займалася. Мы вырашылі ўсе тэсты з 2010 года. Разабралі ўсе заданні і варыянты. Цяжка, але ад гэтага ёсць вынік. І мы пастараемся яго паказаць».

Юлія Таранава, фота аўтара

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая