RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Брэсцкі дзень на «М.@rt.кантакце»: БАТД і Палескі драмтэатр выступяць у Магілёве

На Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме «М.@rt.контакт» сёння брэсцкі дзень – у асноўную праграму форума ўвайшлі дзве пастаноўкі тэатральных калектываў з Брэсцкай вобласці.

А 17.00 на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра лялек Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы прадставіць адну з апошніх сваіх прац – монаспектакль на траіх «Дзень Б.». Спектакль па п’есе «Дзень Падзякі» маладога піцерскага драматурга Дар’і Крывашэевай, якая піша пад творчым псеўданімам Даша Чэ, паставіў малады брэсцкі рэжысёр Дзяніс Фёдараў. У манадраме заняты тры актрысы БАТД – Ганна Стасюк, Таццяна Строк і Ала Омесь, якія на тры галасы расказваюць гісторыю адной гераіні.

«Гэта будзе 15-ы паказ спектакля. Мы ўпершыню яго паказваем на іншай сцэне і таму крыху хвалюемся. А наогул, вядома, артысты засумавалі па гастролях, фэстах. Цяпер іх мала праводзіцца з-за кавідных абмежаванняў, таму з радасцю і натхненнем прынялі запрашэнне на магілёўскі форум», – падзяліўся Дзяніс Фёдараў.

А 19.00 эстафету ў брастаўчан прыме Палескі драматычны тэатр. На асноўнай сцэне Магілёўскага абласнога драмтэатра пінчукі пакажуць спектакль-харор у двух дзеяннях паводле аповесці М. В. Гогаля «Вій». Пастаноўка была двойчы адзначана на VI Рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва. «Вій» прызнаны найлепшым спектаклем тэатра драмы для малой сцэны. Таксама Нацыянальную тэатральную прэмію атрымаў рэжысёр і мастак-пастаноўшчык спектакля Павел Марыніч за перамогу ў намінацыі «Найлепшая праца мастака ў спектаклі тэатра драмы».

«Спектакль карыстаецца поспехам у гледачоў. Мы яго ўжо сыгралі больш за сорак разоў, у тым ліку паказвалі на VII Міжнародным тэатральным фестывалі «Смаленскі каўчэг». У магілёўскім форуме ўдзельнічаем упершыню, таму адчуванні новыя, прыемныя. З нецярпеннем чакаем сустрэчы з гледачамі. Спадзяюся, усе чаканні апраўдаюцца», – сказаў дырэктар тэатра Аляксандр Лукашэнка.

XV Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt.кантакт» праходзіць у Магілёве з 21 па 27 сакавіка. У асноўнай праграме форума прадстаўлена 15 спектакляў тэатральных калектываў з Беларусі і Расіі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая