RU BY EN 中文
Twitter Instagram

БРСМ запрашае да ўдзелу ў фотаконкурсе з вышыванкай

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі запрашае паўдзельнічаць у фотаконкурсе «Сэлфі & фота з вышыванкай», паведаміла загадчык цэнтра інфармацыйных і сацыяльных тэхналогій Цэнтральнага камітэта БРСМ Наталля Сталпінская.

«Выкарыстанне нацыянальнага арнаменту ў дзяржаўнай сімволіцы, прадметах побыту, элементах дэкору і адзення – неад’емная частка паўсядзённага побыту беларусаў. Сёння вышыванка карыстаецца папулярнасцю і стала не толькі паказчыкам культурнай дасведчанасці, але і грамадзянскай пазіцыі. Саюз моладзі працягвае праект «Беларусь – крыніца натхнення» і дае старт фотаконкурсу «Сэлфі & фота з вышыванкай». Ён накіраваны на вывучэнне і захаванне нацыянальных традыцый, папулярызацыю культурнай спадчыны беларускага народа, стварэнне сегментаў патрыятычнай тэматыкі з элементамі нацыянальнага арнаменту ў культурнай інтэрнэт-прасторы», – расказала Наталля Сталпінская.

Фотаконкурс стартуе 2 чэрвеня і прадоўжыцца па 22 чэрвеня. Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі вучнёўскай, студэнцкай, працоўнай моладзі, спартсмены, творчыя і навуковыя хлопцы и дзяўчаты, актыў і лідары моладзевых аб’яднанняў, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы. Конкурсныя работы прымаюцца ў дзвюх катэгорыях: «Сэлфі-фота» і «Традыцыйнае фота». Конкурсныя работы катэгорыі «Традыцыйнае фота» (групавыя і адзінкавыя) могуць быць прадстаўленыя ў намінацыях «Фота малога ў вышыванцы», «Фота закаханых у вышыванцы», «Мая сям’я ў вышыванцы», «Моладзь у вышыванцы», «Вышыванка ў іншых краінах».

«У катэгорыі «Сэлфі» ўдзельнічаюць фатаграфіі, апублікаваныя з 2 чэрвеня па 22 чэрвеня ў Instagram з указаннем хэштэгаў #сэлфізвышыванкай, #селфисвышиванкой, #дзеньвышыванкі, #деньвышиванки і згадваннем афіцыйнага акаўнта БРСМ. Профіль удзельніка конкурсу павінен быць адкрытым, інакш рэгістрацыя творчай працы немагчымая. Фотаработы ў катэгорыі «Традыцыйнае фота» прадастаўляюцца ў электронным выглядзе на пошту itbrsm@gmail.com з пазнакай «Фотаконкурс “Сэлфі & фота з вышыванкай”». Дапускаецца выкарыстанне графічных рэдактараў для рэтушы і іншых нязначных зменаў. Фотакалажы і фотамантаж не дапускаюцца да ўдзелу ў конкурсе», – адзначыла загадчык цэнтра.

На першым этапе члены журы з дасланых конкурсных работ выбіраюць па 3 найлепшыя фатаграфіі ў кожнай намінацыі (акрамя анлайн-конкурсу) у катэгорыі «Традыцыйнае фота» і адну фатаграфію ў катэгорыі «Сэлфі-фота». У склад журы ўваходзяць арганізатары конкурсу, прафесійныя фатографы і іншыя незацікаўленыя асобы. На другім этапе члены журы ацэньваюць адабраныя фатаграфіі па якасці, мастацкай каштоўнасці, ідэі і адпаведнасці зададзенай тэме. Пераможцамі конкурсу стануць працы, якія набралі большую колькасць балаў. Арганізатары пакідаюць за сабой права не вызначаць пераможцу ў якой-небудзь з намінацый і заснаваць дадатковага пераможцу ў іншай намінацыі, калі пры ацэньванні конкурсныя работы будуць мець нізкія балы.

У намінацыі «Анлайн» удзельнічаюць работы, якія занялі 4-е месца ў кожнай катэгорыі па колькасці балаў. З 23 чэрвеня па 30 чэрвеня яны размяшчаюцца для галасавання гледачоў у афіцыйнай групе «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі БРСМ» у сацыяльнай сетцы «УКантакце». Пераможцу вызначаць па колькасці галасоў і ўзнагародзяць асобна. Вынікі конкурсу будуць падведзены 30 чэрвеня. Аўтары работ, якія занялі прызавыя месцы ў катэгорыях «Традыцыйнае фота», «Сэлфі-фота» і намінацыі «Анлайн», будуць узнагароджаны граматамі і каштоўнымі прызамі (фотаапаратамі імгненнага друку) падчас правядзення рэспубліканскага свята «Дзень вышыванкі».

Арганізатарам праекта выступае БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая