Напярэдадні навагодніх святаў Магілёўская мытня нагадвае пра нормы ўвозу тавараў фізічнымі асобамі для асабістага карыстання.

Бяспошлінна дапускаецца ўвоз 200 цыгарэт, або 50 цыгар (цыгарыл), або 250 г тытуню, або названыя вырабы ў асартыменце агульнай вагой не больш за 250 г у разліку на адну фізічную асобу, якая дасягнула 18-гадовага ўзросту.

Без выплаты пошлін можна ўвозіць алкагольныя напоі і піва, у разліку 3 літры на адну фізічную асобу, якая дасягнула 18-гадовага ўзросту. Пры перавышэнні гэтай нормы давядзецца аплаціць 10 еўра за кожны 1 літр звыш дазволеных трох літраў. Максімальна дапускаецца правезці 5 літраў алкагольнай прадукцыі. Безалкагольнае піва да алкагольных напояў і піва не адносіцца.

Пры перасячэнні мытнай мяжы варта памятаць як аб вагавых, так і аб коштавых абмежаваннях. Калі вы падарожнічаеце радзей за 1 раз на тры месяцы, то без пошліны можаце завезці тавар коштам да 500 еўра і вагой да 25 кг. Калі ж вы заязджаеце часцей, чым 1 раз на тры каляндарныя месяцы, то бяспошлінная норма для вас – 300 еўра і 20 кг.

Калі мытны кошт і (або) вага замежных пакупак перавышае вышэйуказаную норму бяспошліннага ўвозу, то тавары, якія ўвозяцца, абкладаюцца мытнымі пошлінамі і падаткамі па адзінай стаўцы 30% ад іх мытнага кошту, але не менш за 4 еўра за 1 кг у частцы перавышэння вагавой нормы і (або) вартаснай нормы.

Увоз бенгальскіх агнёў, феерверкаў і падобных піратэхнічных вырабаў фізічнымі асобамі забаронены.