RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Бясплатныя экскурсіі па Магілёўскай вобласці пройдуць 13-14 красавіка

Бясплатныя экскурсіі па Магілёўскай вобласці пройдуць 13-14 красавіка падчас «Фэсту экскурсаводаў-2019». Аб гэтым паведамілі ў аргкамітэце мерапрыемства.

У гэтым годзе форум будзе юбілейным і пройдзе ў дзясяты раз. «Гэта ўнікальнае мерапрыемства, паколькі ў гэты час праводзіцца шэраг бясплатных экскурсій не толькі па Магілёўскай вобласці, але і па ўсёй Беларусі, – удакладнілі суразмоўцы. – У Прыдняпроўскім краі запланаваны шматлікія экскурсіі ў Магілёве, Бабруйску, Шклове, Клімавічах, а таксама ў аграгарадку Свіслач Асіповіцкага раёна і вёсцы Соўна Клімавіцкага раёна».

Так, жыхарам і гасцям абласнога цэнтра прапануюць прайсці шляхам незвычайнай тэхнагеннай катастрофы 1942 года «Цунамі на Дубравенцы» і «Па вуліцах старога Магілёва», наведаць выставу «Мы назаўжды для ўсіх – афганцы».

Цікавую праграму падрыхтавалі для бабруйчан. Акрамя традыцыйных экскурсій – «Легендарныя дактары і медыцына ў старым Бабруйску», «Літаратурнае кальцо Бабруйска», «З імем Барыса Мікуліча», «Літаратурная Бабруйшчына – ад ХІХ стагоддзя да сучаснасці», «Праменад па-бабруйску», – запланаваны квэст «Код крэпасці». Гульня будзе праходзіць на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці. «У пачатку гульцы атрымаюць карту фартыфікацыйных збудаванняў і будуць рухацца па ёй разам з экскурсаводам, – расказалі суразмоўцы. – Яны сустрэнуць каменданта крэпасці і высветляць, што цытадэль працягвае захоўваць таямніцы. Удзельнікам трэба будзе выканаць заданні, па якіх з дапамогай QR-кодаў знайсці ключ да разгадкі».

У раённых цэнтрах таксама незвычайна падышлі да «Фэсту экскурсаводаў». Так, клімаўчанам прапануюць раскрыць «Таямніцу дома Мяшчэрскіх», а таксама прайсці з пешаходнай экскурсіяй па месцах расстрэлаў мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Не абыдзецца без «Сюрпрызаў роднага горада». Тых, хто пажадае, чакае падарожжа па начным райцэнтры пры святле газавых ліхтароў. Завершыцца праменад праглядам фільма пад адкрытым небам. Для інвалідаў, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання Клімавіцкага РЦСАН, падрыхтавалі выязную экскурсію на мемарыяльны комплекс «Соўна» – у вёску, якой няма на карце раёна з 2002 года. Ураджэнец гэтага населенага пункта Мікалай Крупінін за асабістыя сродкі ўвекавечыў сваю малую радзіму.

Ідэя праводзіць «Фэст экскурсаводаў» з’явілася ў Беларусі ў 2009 годзе. Ён прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных месцаў, які адзначаецца 18 красавіка.

Арганізатарамі выступаюць Беларускі камітэт Міжнароднага савета па помніках і гістарычных мясцінах (ICOMOS), грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд культуры» і Нацыянальнае агенцтва па турызме.

Праграма экскурсій па Магілёўскай вобласці

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая