RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Чатыры прадпрыемствы Магілёўскай вобласці сталі лаўрэатамі конкурсу «Найлепшы экспарцёр»

У Магілёве сёння прайшла цырымонія ўзнагароджання прадпрыемстваў вобласці – лаўрэатаў конкурсу «Найлепшы экспарцёр» 2019 года, які праводзіла Беларуская гандлёва-прамысловая палата сумесна з рознымі міністэрствамі, канцэрнамі, аблвыканкамамі, Нацыянальнай акадэміяй навук, Паркам высокіх тэхналогій, беларускай таварнай біржай і іншымі структурамі, як перадае карэспандэнт сайта.

Конкурс традыцыйна ўключаў 22 намінацыі. У кожнай былі вызначаны пераможцы, а прадпрыемствы, якія набралі максімальна блізкую да пераможцы колькасць балаў і паказалі выдатныя вынікі ў экспарце прадукцыі і паслуг, узнагароджаны заахвочвальнымі дыпломамі.

Праз эпідэміялагічную сітуацыю сёлета ўручэнне прэміі прайшло ў іншым фармаце: замест урачыстага прыёму ў Мінску, узнагароджанне арганізавалі ў кожнай вобласці. У прыватнасці, лаўрэатамі конкурсу сталі чатыры прадпрыемствы Прыдняпроўскага краю.

ЗТАА «ВМГ Індустры» атрымала перамогу ў намінацыі «Дрэваапрацоўчая і мэблевая вытворчасць». Заахвочвальныя дыпломы ўручылі РУП «Завод газетнай паперы» (намінацыя «Цэлюлозна-папяровая прамысловасць»), ЗТАА «Мебелаін («Дрэваапрацоўчая і мэблевая вытворчасць»), СТАА «ЦСП БЗС» («Арганізацыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў сферы вытворчасці тавараў»). Журы конкурсу пры выбары найлепшых ацэньвала аб’ём экспарту, яго тэмп, знешнегандлёвае сальда і ўзровень працы над адкрыццём новых рынкаў.

– «Найлепшы экспарцёр» – прэстыжная пляцоўка, дзе спаборнічаюць вядучыя прадпрыемствы краіны, якія ўносяць сур’ёзны ўклад у нашу агульную справу – справу развіцця дзяржавы і забеспячэння пазітыўнага іміджу Беларусі на міжнароднай арэне, – адзначыў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч. – Дзяржава з насельніцтвам менш за 10 млн. штогод забяспечвае пастаўкі прадукцыі ў больш чым 180 краін свету, прычым па асобных пазіцыях займае лідзіруючае месца і адносіцца да крытычна важных экспарцёраў прадуктаў харчавання на глабальным рынку.

Старшыня БелГПП звярнуў увагу: прадпрыемствы Магілёўскай вобласці традыцыйна забяспечваюць высокую долю экспартнай прадукцыі. Летась рэгіён ажыццяўляў пастаўкі ў 114 краін. І сёння ў найскладанейшых умовах дамагаецца сур’ёзных поспехаў перш за ўсё у сферы дрэваапрацоўкі, пытаннях экспарту харчовай прадукцыі.

Так, ЗТАА «ВМГ Індустры», створанае ў 2009 годзе ў СЭЗ «Магілёў», – частка міжнароднага дрэваапрацоўчага холдынгу VMG. Складаецца з трох заводаў, якія займаюцца вытворчасцю драўнянастружкавых пліт (ДСП), мэблі і гнутаклееных дэталяў з драўніны. Каля 95% прадукцыі тут адпраўляюць за межы Беларусі. У 2019 годзе, паводле слоў Уладзіміра Улаховіча, тэмп росту экспарту на прадпрыемстве дасягнуў 240%.

ЗТАА «Мебелаін» пастаянна асвойвае новыя рынкі збыту: у мінулым годзе таварыства выйшла на Японію, Кітай і Арабскія Эміраты.

Як расказаў дырэктар РУП «Завод газетнай паперы» Юрый Лука, апошнія гады былі няпростымі, але ўдалося ўтрымацца дзякуючы наладжанай узаемасувязі з беларускімі і замежнымі партнёрамі. Геаграфія дзяржаў, з якімі супрацоўнічае завод, шырокая. Газетная папера, напрыклад, запатрабаваная прыкладна 20 краінамі, а прадукцыя дрэваапрацоўкі – 14. Пры гэтым у агульным аб’ёме вырабленай прадукцыі рэалізацыя на экспарт складае 60–67% у грашовым выражэнні.

СТАА «ЦСП БЗС» у кастрычніку адзначыла першы юбілей – прадпрыемству споўнілася 5 гадоў. Усе гэтыя гады дружны калектыў працаваў і паспяхова пакараў новыя вяршыні. За непрацяглы перыяд завод па вытворчасці цэментава-стружкавых пліт пашырыў геаграфію паставак, і на сённяшні дзень экспартуе ў 15 краін свету. Другі год запар яго прадукцыя ўдастойваецца высокай узнагароды «Найлепшы будаўнічы прадукт года».

«Патэнцыял Магілёўскай вобласці ў экспартным кірунку сур’ёзны. У вобласці вядзецца сістэмная работа па падтрымцы экспарцёраў, СЭЗ «Магілёў» працуе ў інавацыйным ключы. Мы маем права чакаць, што і ва ўмовах досыць цяжкага 2020 года прадпрыемствы змогуць дамагчыся добрых вынікаў», – канстатаваў старшыня БелГПП.

Вольга Емельянава, фота Галiны Гаўрыловiч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая