Збор подпісаў грамадзянаў могуць ажыццяўляць толькі сябры ініцыятыўных груп. Аб гэтым паведаміла журналістам начальнік аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы апарата ЦВК Алена Грыгаровіч на семінары «Інфармацыйнае суправаджэнне выбарчай кампаніі: асноўныя этапы і асаблівасці арганізацыі» ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

7 лістапада стартуе збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. «Збор подпісаў можа праходзіць у форме пікетавання ў месцах, не забароненых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Выканкамы ўжо прынялі адпаведныя рашэнні, яны ёсць на афіцыйных сайтах, можна з імі азнаёміцца. Акрамя гэтага, традыцыйна будзе выкарыстоўвацца збор подпісаў у арганізацыях, па месцы службы, па месцы працы, дома таксама збор подпісаў не забаронены», - адзначыла Алена Грыгаровіч.

Збор подпісаў могуць ажыццяўляць толькі сябры ініцыятыўнай групы. «У іх будуць адпаведныя пасведчанні. ЦВК гэтыя пасведчанні ўжо выдаў. Гэта ламінаваная картка, у якой пазначана прозвішча, імя, імя па бацьку і сяброўства ў складзе ініцыятыўнай групы. У гэтым пасведчанні няма фатаграфіі. Таму сябра ініцыятыўнай групы, які збірае подпісы, павінен паказаць выбаршчыку дакумент, які пацвярджае ягоную асобу. Гэта значыць любы дакумент з фатаграфіяй. Калі ўзнікаюць пытанні, ці з'яўляецца гэты чалавек сябрам ініцыятыўнай групы, можна звярнуцца ў тэрытарыяльную выбарчую камісію ці ў кол-цэнтр ЦВК», - падкрэсліла Алена Грыгаровіч.

ЦВК зарэгістравала 7 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты: дзеючага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча, старшыні Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандра Хіжняка, начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах Вольгі Чамаданавай, індывідуальнага прадпрымальніка Ганны Канапацкай, старшыні Рэспубліканскай рады грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз афіцэраў» Сяргея Бобрыкава, першага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Сяргея Сыранкова.

БЕЛТА