RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дабрачынная акцыя БРСМ і БРПА «Цуды на Каляды» стартуе ў Беларусі 5 снежня

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя 5 снежня даюць старт сумеснай рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Цуды на Каляды», паведаміла старшыня ЦС БРПА Аляксандра Ганчарова.

«Стала ўжо добрай традыцыяй у Міжнародны дзень добраахвотнікаў даваць пачатак самаму добраму сумеснаму праекту валанцёраў БРСМ і цімураўцаў БРПА – рэспубліканскай акцыі «Цуды на Каляды». Праз свой праект мы хочам па магчымасці акружыць цяплом і клопатам і маленькіх жыхароў нашай краіны, якія асабліва маюць патрэбу ў гэтым у навагоднія і калядныя дні, і адзінокіх старых», – расказала Аляксандра Ганчарова.

Мерапрыемствы акцыі «Цуды на Каляды» пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны і працягнуцца да 9 студзеня 2020 года. Сімвал дабрачыннага праекта – чырвоныя рукавічкі. Яны ўпрыгожаць больш за 500 святочных праграм для выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, прымальнікаў-размеркавальнікаў, прытулкаў для дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, а таксама адзінокіх пажылых людзей.

Геаграфія моладзевага праекта шырокая. Каб споўніліся дзіцячыя мары, кожная тэрытарыяльная арганізацыя БРСМ і БРПА стараецца прыўнесці свой пасільны ўклад і зрабіць добрую справу. Напрыклад, валанцёры магілёўскай абласной арганізацыі БРСМ прапануюць магілёўцам і гасцям горада выканаць запаветныя мары выхаванцаў Круглянскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама сацыяльна-педагагічнага цэнтра Магілёўскага раёна. Жаданні дзяцей з 9 снежня размесцяцца на святочнай ёлцы ва ўнівермагу «Цэнтральны» горада на Дняпры.

Сёлета старт акцыі «Цуды на Каляды» будзе дадзены ў Мінску з удзелам найлепшых валанцёраў краіны – фіналістаў рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года – 2019». Дзеці падрыхтавалі падарункі і наведаюць сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам Заводскага раёна сталіцы, а таксама Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы.

Штогод рэспубліканская дабрачынная акцыя БРСМ і БРПА «Цуды на Каляды» ўносіць уклад у скарбонку добрых спраў папулярнага усебеларускага праекта «Нашы дзеці».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая