Абласная дабрачынная акцыя «Цяпло нашых сэрцаў дзецям» стартуе на Магілёўшчыне 20 мая. Пра гэта паведамілі ў абкаме ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

Тэматычныя мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх раёнах Прыдняпроўскага краю. Валанцёры руху БРСМ «Добрае сэрца» да 4 чэрвеня будуць арганізоўваць конкурсы і забаўляльныя праграмы са зборам спартыўнага інвентара, канцылярскіх тавараў, настольных гульняў, цацак, кніг, прадуктаў харчавання, гігіенічных сродкаў і інш. Усё сабранае перададуць выхаванцам дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, прыёмнікаў-размеркавальнікаў, прытулкаў для дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, дзяцей, якія знаходзяцца ў рэабілітацыйных цэнтрах, бальніцах, выхаваўчых калоніях для непаўналетніх.

Цэнтральнае мерапрыемства акцыі адбудзецца ў аптэцы № 1 Магілёва (вул. Першамайская, 59). Тут з 20 па 30 мая актывісты БРСМ прапануюць наведвальнікам набыць гігіенічныя сродкі для дзяцей з Магілёўскага дзіцячага хоспіса. Сабраныя тавары плануецца перадаць адрасатам 31 мая.

Арганізатарам дабрачыннай акцыі «Цяпло нашых сэрцаў дзецям» выступае абкам ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».